У Алжыры праз адсутнасць кандыдатаў сарваліся прэзідэнцкія выбары
У Алжыры сарваліся прэзідэнцкія выбары: на пасаду кіраўніка краіны балатаваліся толькі два кандыдаты і канстытуцыйны савет краіны адхіліў іх дасье. У сувязі з гэтым прызначаныя на 4 ліпеня выбары вырашылі перанесці, паведамляе Еўрарадыё.

Як паведамляюць замежныя СМІ, на пасаду прэзідэнта спрабавалі балатавацца два малавядомыя палітыкі. Галоўныя палітычныя сілы Алжыра байкатавалі выбары і сваіх кандыдатаў не выставілі.
Цяпер краіна перажывае палітычны крызіс: 3 красавіка 82-гадовы прэзідэнт Абдэльазіз Бутэфліка датэрмінова склаў з сябе паўнамоцтвы. Ён кіраваў краінай з 1999 года, але ў лютым пачаліся масавыя пратэсты супраць яго вылучэння на пяты тэрмін.
Кіраванне краінай часова ўзяў на сябе спікер верхняй палаты парламента, які прызначыў прэзідэнцкія выбары на 4 ліпеня. Супраць правядзення выбараў выступілі апазіцыя і грамадскасць, якія прапануюць увесці пераходны перыяд і стварыць устаноўчы савет.
euroradio.fm