Дабрачынны джаз
А 7-й вечара, калі канцэрт ужо мусіў пачацца, грошы толькі крыху прыкрылі дно празрыстай урны для ахвяраванняў. 15 мая ў Мінску адбыўся дабрачынны канцэрт у падтрымку ахвяраў тэракту ў мінскім метро.
А 7-й вечара, калі канцэрт ужо мусіў пачацца, грошы толькі крыху прыкрылі дно празрыстай урны для ахвяраванняў. 15 мая ў Мінску адбыўся дабрачынны канцэрт у падтрымку ахвяраў тэракту ў
мінскім метро.
Джаз-рок канцэрт для маральнай і матэрыяльнай падтрымкі людзей, якія найгорш пацярпелі ад страшнага выбуху, меў хутчэй прыватны характар. Яго арганізатарам выступіў Павел Аракелян — малады
джазмэн, лідар музычнага праекта «The Outsiders». Да незвычайнай у беларускіх умовах ініцыятывы далучылася каля 100 людзей творчай прафесіі. З музыкаў і спевакоў — Нака,
Аляксандр Памідораў, Святлана Шэіна, Яўген Глебаў, Іван Кірчук і этна-трыа «Тройца», гурт «Акана». З паэтаў — Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Анатоль
Івашчанка, Вольга Гапеева і Віталь Рыжкоў. Правяла вечарыну Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
Пры ўсім узроўні і цеплыні вечару ён меў вобмаль старонніх назіральнікаў. Большасць людзей у зале былі арганізатары, удзельнікі або журналісты. Паломніцтва «простых
смяротных» — тысяч тых, хто яшчэ месяц таму голасна спачуваў пацярпелым у сеціве і налева-направа абвінавачваў сяброў і знаёмых у цынізме, чэрствасці і «скоку на
касцях», — не назіралася. Як заўжды: сышла эмацыйнасць моманту — засталася штодзённая неабходнасць падтрымаць чалавека ў бядзе. Нягледзячы на даволі шырокую рэкламу ў
інтэрнэце, людзей прыйшло даволі мала.
Спрацавалі, трэба думаць, два фактары. Па-першае, недавер беларусаў да ўсяго, што адбываецца навокал выбуху. Сумная тэма абрасла столькімі спекуляцыямі, што ў інтэрнэце можна было сустрэць,
напрыклад, такія заўвагі: «Я б пайшоў на канцэрт, калі б быў упэўнены, што сродкі сапраўды будуць накіраваныя пацярпелым і іх сем’ям. Можна падумаць, што пацярпелыя атрымаюць болей
за сумы, вызначаныя прэзідэнтам… Аналізуючы інфармацыю, звязаную з 11 красавіка, складваецца ўражанне, што нехта (сам ведаеце, хто) хоча нажыцца на гэтай трагедыі за кошт людзей, якія
жадаюць дапамагчы пацярпелым».
Па-другое — ужо даўся ў знакі эканамічны крызіс. Беларусы адчувальна пабяднелі. На ўваходзе ў клуб прадаваліся дыскі і кнігі. Пакупнікам прапаноўвалі ўспрымаць іх як падарунак за фінансавую
дапамогу — грошы ад продажаў сыпаліся ў тую ж празрыстую урну. Але ўсё адно лунала атмасфера кірмашу: «А чаму так дорага?» Адзіным выключэннем сталі кнігі Уладзіміра
Арлова: за іх прасілі сімвалічны (на сёння) кошт у 5 тысяч беларускіх рублёў, але чытачы давалі і 10, і 20...
Калі адвыступаў апошні пункт дабрачыннай праграмы — тыя самыя «Аўтсайдэры», — арганізатары акцыі падлічылі паступленні ў празрыстую урну. Выйшла — 4
мільёны беларускіх рублёў. Прычым ладная частка гэтай сумы паступіла ў канверце і была падарункам ад аднаго з беларускіх СМІ, кіраўніцтва якога яўна мае ўяўленне пра еўрапейскі фармат
дабрачыннасці.
4 мільёны — многа ці мала? Гэтую «мізэрную» суму, якая ўжо нават не тысяча долараў — абсмяялі ў тым жа самым інтэрнэце, у якім так роспачна спачувалася месяц таму
ахвярам... Але арганізатары задаволеныя. Магло быць і горш... Не варта забывацца, што трагедыя адбылася не дзе-небудзь, а ў Беларусі. Ужо сам факт, што свае дапамагаюць сваім, без прыкладу ці
пасрэдніцтва замежных гуманітарных фондаў, — пасяляе надзею.
Сабраныя грошы музыкі перадалі сваякам Яраслава Пясэцкага, які пазбыўся абедзвюх ног, але папраўляецца і мае шанец зноў хадзіць (на пратэзах), і Андрэя Ільіна — лекара па прафесіі, які пасля
выбуху аслеп, перанёс некалькі складаных аперацый, але не страціў надзею на вяртанне зроку.