Сілы NATO ў Балтыі і Польшчы не ёсць пагрозай Беларусі — Купчына
Беларусь разглядае рашэнне NАТО пра размяшчэнне дадатковых вайсковых сілаў на тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі як патэнцыйны выклік для бяспекі ў рэгіёне.
Пра гэта заявіла ў Кіеве намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына, адказваючы на пытанне “Радыё Свабода” пра вынікі саміту NАТО ў Варшаве і далейшую рэакцыю беларускіх уладаў на размяшчэнне дадатковых сілаў у рэгіёне.
«Я не вельмі ведаю пра дэталі гэтага саміту. Вядома, гэта ўнутраная справа краін, якія ўваходзяць у NАТО, але спадзяюся, што нашы партнёры распавядуць нам. Мы ў Беларусі лічым, што дадатковыя вайсковыя сілы ў краінах Балтыі і Польшчы не ёсць наўпроставай пагрозай бяспецы Беларусі. Для нас гэта свайго роду выклік, патэнцыйны выклік, які нам не падабаецца. Чаму не падабаецца? Спадзяёмся, што гэтага не будзе, але ўсё ж можа ўзмацніць напружанне ў нашым рэгіёне. Вельмі важна тут — гэта шчыры дыялог наўпрост паміж Минскам і краінамі NАТО. Павінен быць празрысты дыялог з іншымі зацікаўленымі краінамі. Я маю на ўвазе тут Брусэль, NАТО, Расію, Балтыйскія краіны і Польшчу», — сказала Алена Купчына.
Паводле намесніцы міністра, Беларусь цэніць бяспеку і са свайго боку робіць усё, што трэба, каб забяспечыць яе ў рэгіёне.
«Мы не хочам, каб такія ўчынкі, так бы мовіць, зрабілі бяспеку больш крохкаю», — падкрэсліла яна.
Намесніца міністра замежных спраў Беларусі адказвала на пытанне па-ангельску, хоць на самым пачатку прэс-канферэнцыі прывітала ўсіх на беларускай мове і падзякавала ўкраінскаму боку за гасціннасць.
Купчына брала ўдзел у сёмым нефармальным дыялогу «Усходняга партнёрства» ў Кіеве.