Надзея Саўчанка: «Я спадзяюся, што ўжо блізка да міру, да канца вайны»
Народны дэпутат Украіны, былы палітвязень Надзея Саўчанка заяўляе, што ў перспектыве Украіна павінна стаць сябрам NАТО.
«У перспектыве нам, вядома, трэба глядзець у гэтым кірунку. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін кажа, што ёсць толькі дзве сусветныя краіны — Расія і ЗША, а ўсе астатнія — гэта зона іх інтарэсаў. Дарма што мы плошчаю меншая краіна, мы маем права на пэўнасць, на сваю нацыю, на свой менталітэт. Таму мы будзем абараняць свае правы. І калі вораг проста мае больш чалавечага рэсурсу, то мы будзем яднацца. Я лічу, што NАТО — гэта менавіта тая пляцоўка, на якой гэта можна рабіць», — сказала яна 10 ліпеня ў інтэрв’ю “Радыё Свабода” ў Літве, дзе праходзіць Форум літоўскай моладзі свету, у якім узяла ўдзел Надзея Саўчанка.
Каментуючы заявы, што Еўропа «стамілася» ад Украіны, Надзея Саўчанка адзначыла, што вайна мардуе ўсіх. У першую чаргу краіну, у якой вайна вядзецца.
«Нельга сказаць, што стаміліся менавіта ад Украіны, ад народа, ад таго, што мы абараняем свае каштоўнасці. Але можна сказаць, што стаміліся ад той сітуацыі, якая зацягваецца і ніяк не развіваецца ва Украіне. Але я думаю, што гэта можна пераадолець. Я была на канферэнцыі Украіна–NАТО, якая адбылася ў рамках саміту NАТО. і чула выразныя вызначэнні пазіцый сусветных лідараў. Я спадзяюся, што ўжо блізка да таго, чаго мы хочам — да міру, да канца вайны. Мы хочам перамагчы. Украіна будзе вольнай і будзе мець свае выразныя межы», — адзначыла Саўчанка.
На Форум літоўскай моладзі сьету сабраліся амаль чатыры тысячы маладых літоўцаў з 40 краін свету, у тым ліку і з Украіны.
Надзея Саўчанка ў Літве наведвае параненых украінскіх вайскоўцаў, якія тут знаходзяцца на рэабілітацыі. Яна сустрэлася з міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам і прэзідэнтам Даляй Грыбаўскайце.