«Дыктатары натхняюцца адзін адным»
Прадказальныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Расіі і тое, якім чынам яны пераклікаюцца з аналагічнымі кампаніямі ў Беларусі, «Радыё Свабода» папрасіла пракаментаваць палітолагаў з Масквы і Мінску.
Цэнтральная выбарчая камісія Расійскай Федэрацыі падлічыла амаль 100% пратаколаў, упэўненую перамогу атрымаў дзейны прэзідэнт — ён набраў больш за 76% галасоў выбарнікаў.
Такім чынам, палітычныя дэкарацыі не змяніліся — і наступныя 6 гадоў краінай будзе кіраваць Уладзімір Пуцін, для якога пачаўся адлік чацвёртага прэзідэнцкага тэрміну. Ці азначае гэта, што ў палітычным антуражы Крамля нічога прынцыпова не змянілася?
Арэшкін: ад простага хлопца да «небожителя»
Маскоўскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін лічыць, што апошняя расійская кампанія выразна агаліла сутнасць «закаснелага» пуцінскага рэжыму: упэўнены рух у бок аўтакратыі, манапалізацыі ўлады, ушчамлення грамадзянскіх правоў і ігнаравання ўнутраных законаў.
Паводле яго, фактычна прасоўваецца сцэнар, у свой час рэалізаваны іншым «ветэранам» — Аляксандрам Лукашэнкам: той ужо не лічыць неабходным перад некім даваць справаздачу ўвогуле. Таму ўсе значныя палітычныя падзеі ў Расіі і Беларусі адбываюцца як пад капірку — з «каруселямі», укідваннем бюлетэняў, перашкодай працы назіральнікаў.
«Пуцін, калі абжываўся ва ўладзе, меў выгляд простага хлопца, спартоўца ў таннай майцы, чалавека, з якім можна проста сустрэцца на вуліцы, — кажа аналітык. — Прынамсі стараўся падтрымліваць такі імідж. Цяпер наадварот, сёння ён „небожитель“. Выбарнае шоў, зразумела, арганізаваў не сам Пуцін, усю сістэму вылучэння рыхтавалі падначаленыя. Але гэта рабілася так, як яму хочацца — чэлядзь тым і зручная, што прачытвае жаданні начальства. Гэта значыць прымушаць усіх чакаць, нервавацца, локці кусаць, пальцы заломваць; есці людзі не маглі, не спалі, гадалі, пойдзе ці не пойдзе на новы тэрмін. І тут абвяшчаюць — ідзе!.. Гэтая візантыйшчына ўперамешку з псеўдасталінскім стылем яскрава сведчыць пра тое, куды рушыць эвалюцыя Расіі».
Арэшкін мяркуе, што Пуціну падабаецца такая «манаршая грунтоўнасць і вялікасць».
«Зразумела было, што ён пераможа, як жа інакш? Зразумела было, што ён не можа адысці ад улады, з цэлага шэрагу прычын. Што, дарэчы, яднае іх з Лукашэнкам. Але згаданая пампезнасць з’явілася ўпершыню, дагэтуль такой выразнай стылістычнай рысы не назіралася», — кажа Дзмітры Арэшкін.
Мацкевіч: місія — адрадзіць імперскую Расію
Менскі палітолаг Уладзімер Мацкевіч перакананы, што выбары і ў Расіі, і ў Беларусі даўно ператварыліся ў фарс з загадзя прадказальным фіналам. Таму і ставіцца да іх трэба адпаведна — з папраўкай на ўмовы, у якіх яны адбываюцца.
Апроч таго, ён не выключае пэўных канстытуцыйных зменаў «ня ў лепшым кірунку». Пуцін ужо сказаў, што неабходна ўзяцца за канстытуцыйныя працэсы, днямі штосьці падобнае дэклараваў і Лукашэнка. Іншымі словамі, палітычная «стабілізацыя» вымушае да пэўных дзеянняў дыктатараў, якія ўсталявалі ў сваіх краінах усё, што маглі. Цяпер трэба выходзіць на новы ўзровень.
«Наогул я здзіўляюся наіўнасці каментатараў, палітолагаў, аналітыкаў, якія на нешта спадзяюцца, — гаворыць эксперт. — Я неаднаразова апісваў з розных бакоў такую сітуацыю як „паліттэхналогіі трэцяга пакалення“. Для мяне гэта настолькі відавочна і прадказальна, што ніякіх пытанняў не ўзнікае. Ёсць людзі, якія гэта таксама разумеюць і ў Расіі — як усё пабудавана і працуе. Ну нельга ў гэтым браць удзел, дык яшчэ з такім энтузіязмам, як гэта рабілі так званыя кандыдаты ў прэзідэнты Расіі. Зрэшты, чаго здзіўляцца, калі ў Беларусі было тое ж самае? Дыктатары і падобныя рэжымы адзін у аднаго вучацца».
Мацкевіч перакананы, што Пуцін прыйшоў з канкрэтнай місіяй:
«З першых сваіх крокаў пачаў дэманстраваць, што хоча адрадзіць Расію як імперскую дзяржаву. Проста тады не меў яшчэ патрэбнай моцы, адбіваўся так званы „бардак 1990-х“, як яны той час называюць, рэшту дэмакратыі. Вымушаны быў разганяцца павольна. А як набраў крэйсерскую хуткасць, усё пайшло паводле ягонага сцэнару. Але сутнасна тое, што ён рабіў у пачатку нулявых і цяпер, цалкам супадае».
Незалежныя назіральнікі на выбарчых участках у розных рэгіёнах Расіі паведамілі пра шматлікія парушэнні — арганізаваны падвоз выбарнікаў, «укід» бюлетэняў у скрыні, перашкода для працы на ўчастках. Усё гэта зафіксавалі камеры назірання.
Тым часам у Цэнтрвыбаркаме Расіі назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі», заявіўшы, што сур’ёзных парушэнняў зафіксавана не было.