Дзмітрый Гардон: Націск на Лукашэнку з боку Расіі зашкальвае
«Беларусы супраць, яны не хочуць быць дзяржавай расійскай, яны не хочуць ісці служыць у гарачыя пункты, яны не хочуць моцна адчуць на сабе рускі свет», — падкрэсліў Дзмітрый Гардон.
“Націск на Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку зашкальвае цяпер. Бабіч — фігура адыёзная, яго ж ва Украіну сваталі. Таму так, Лукашэнка манеўруе”, — заявіў Гардон у эфіры канала “112 Украіна”.
“У Беларусі ідуць вельмі складаныя працэсы, — адзначыў ён. — Уладзімір Уладзіміравіч [Пуцін] думае, як яму быць выбраным у 24-м годзе. Трэці тэрмін ужо не свеціць, таму яму паліттэхнолагі намалявалі перспектыву ўзначаліць Саюзную дзяржаву Расіі і Беларусі. Для гэтага трэба паглынуць Беларусь”.
“Ну ўсё тое нядрэнна, але “бацька” супраць. І, наколькі я ведаю, і беларусы супраць, яны не хочуць быць дзяржавай расійскай, яны не хочуць ісці служыць у гарачыя пункты, яны не хочуць моцна адчуць на сабе рускі свет”, — падкрэсліў эксперт.
30 красавіка ўказам прэзідэнта РФ пасол у Беларусі Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад пасады “ў сувязі з пераходам на іншую працу”. Яго месца заняў член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расеі Дзмітрый Мезенцаў.
У Мінску Бабіч працаваў крыху больш за восем месяцаў. У сакавіку і красавіку Бабіч і беларускае МЗС абменьваліся рэзкімі выпадамі ў сувязі з рознымі падыходамі да публічнай ацэнкі двухбаковых адносін.
Расійская газета “Коммерсант” адзначала, што Бабіч “у цэлым выбраў неўласцівую для расійскіх дыпламатаў лінію паводзінаў”, “шмат і рэгулярна ездзіў па Беларусі, наведваў мясцовыя прадпрыемствы, меў зносіны з бізнесам і сустракаўся з беларускай апазіцыяй”. Такая актыўнасць “відавочна не падабалася ўладам краіны знаходжання”.
belapan.by, www.racyja.com