МЗС Расіі — пра змену пасла ў Беларусі: бываюць розныя казусы
"Нармальны ход. Бываюць у дыпламатычнай практыцы розныя казусы", — так намеснік міністра знешнепалітычнага ведамства РФ пракаментаваў адкліканне Бабіча, піша «Еўрарадыё».
Намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін пракаментаваў змену пасла РФ у Беларусі. Прызначаны летам 2018-га на гэтую пасаду Міхаіл Бабіч нядаўна быў адкліканы, яго заменіць Дзмітрый Мезенцаў. Карасін адмаўляе наяўнасць крызісу ў дачыненнях краін. Яны застаюцца саюзніцкімі, носяць характар стратэгічнага партнёрства, падкрэсліў ён.
"Я катэгарычна супраць таго, каб усё гэта інтэрпрэтаваць як нейкі крызіс, — цытуе словы намесніка міністра расійскага знешнепалітычнага ведамства ТАСС. — Нармальны ход. Бываюць у дыпламатычнай практыцы розныя казусы".
Рыгор Карасін нагадаў, што ўлады Беларусі і Расіі працуюць над паглыбленнем інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы. Ён мяркуе, што на будучыя дачыненні краін трэба глядзець з аптымізмам.