Экс-дэпутат Антончык: Голубева і Трусава Лукашэнка «развёў як пацаноў»

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га склікання Сяргей Антончык у інтэрв’ю «Радыё Свабодзе» скрытыкаваў сваіх былых калег Алега Трусава і Валянціна Голубева, які ўзялі ўдзел у сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Сяргей Антончык, архіўнае фота

Сяргей Антончык, архіўнае фота

Пры гэтым 1 сакавіка Алег Трусаў пасля сустрэчы з Лукашэнкам заявіў “Свабодзе”:

«Я быў проста ў захапленні ад таго, што чуў і бачыў. Я магу параўнаць хіба з тым, як было, калі я абвяшчаў нашу незалежнасць, і цяпер праз 25 год паўтарылася тое, што было».

Сяргей Антончык сказаў, што гэтыя словы яго «вельмі моцна разанулі»:

«Я лічу, што такія рэчы наагул немажліва параўноўваць. Нельга параўнаць з фундаментальнымі дзяржаўнымі гістарычнымі падзеямі спектакль рэжысёра Лукашэнкі.

Абвяшчэнне незалежнасці стала пікам дзяржаўнай перамогі, сімвалам беларускай нацыі. Стагоддзямі беларусы змагаліся за сваю незалежнасць. І нарэшце ў 1991 годзе дамагліся свайго. Таму мяне вельмі здзіўляе, што „дэпутаты незалежнасці“, як мы сябе называем, маглі параўнаць танны спектакль з тымі найважнейшымі падзеямі».

 

«Цяперашняя Беларусь не мае дачынення да той, пра якую мы марылі»

 

Падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам». 1 сакавіка 2019 году

Падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам». 1 сакавіка 2019 году

Антончык кажа, што, пачуўшы сваіх сяброў, ён нават паставіў сам сабе пытанне: «Што, улада ў краіне змянілася?

Ды не. Тая ж самая, якая, пачынаючы з 1994 году, накіроўвала ўсе свае намаганні на знішчэнне незалежнасці і беларускага этнасу. За гэты час была разбураная ўнутраная дэмакратычная сістэма праз знішчэнне першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Была знішчаная тая нацыянальная эліта, якая толькі нараджалася; была выкінутая з штодзённага ўжывання беларуская мова. Такім чынам, менавіта гэтая ўлада зрабіла ўсё, каб незалежнай Беларусі не існавала.

Так, Рэспубліка Беларусь фармальна існуе. Але яна не мае ніякага дачынення да той дэмакратычнай і незалежнай краіны, якую мы марылі пабудаваць».

 

«Лукашэнка перахоплівае ініцыятыву»

Антончык лічыць, што некаторыя змены ў Беларусі наўпрост звязаныя з цяжкім станам эканомікі:

«Не задаволеныя станам жыцця людзі пачалі ўсё больш казаць, што мы знаходзімся у палітычнай і эканамічнай матрыцы „русского мира“. Лукашэнка пра гэта ведае. І ён перахоплівае ініцыятыву, каб самому ўзначаліць нацыянальныя сілы, перавесці нацыянальную энергію, якая стала праяўляцца ў краіне, на сябе. І аб’яўляе, што гэта ён абаронца Беларусі.

 

Аляксандр Лукашэнка падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам». 1 сакавіка 2019 году

Аляксандр Лукашэнка падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам». 1 сакавіка 2019 году

Мне здаецца, гэта палітычныя азы нават для першакурснікаў. Менавіта эканамічны крызіс прымушае Лукашэнку, які доўгі час вёў палітыку на карысць Крамля, апеляваць да беларускага грамадства, „падграбаць“ да сябе тых, хто можа ўяўляць небяспеку для ягонай улады.

Ён запрасіў на шоў двух нашых хлопцаў, каб такім чынам іх павязаць. Ён да іх неаднойчы апэляваў, звяртаўся: Валянцін Голубеў, Алег Трусаў. Гэта каб склалася ўражанне, што яны з ім разам. Маўляў, вось нарэшце яны сапраўды разам змагаюцца за гэту краіну.

А як толькі крызіс скончыцца, як толькі Лукашэнка дамовіцца з Крамлём пра новыя крэдыты і датацыі, усіх гэтых хлопцаў ён выкіне на сметніцу».

 

«Улады разбураюць нацыянальныя сілы»

«25 гадоў улады рабілі і робяць усё, каб разбурыць нацыянальныя сілы. — кажа далей Антончык.— Для гэтага разбурылі Беларускі народны фронт, утварылі розныя фэйкавыя палітычныя структуры. А цяпер у гэтую багну ўцягваюць новых людзей. Гэтым разам канкрэтных людзей, як той казаў, „пайменна“. Ужо недастаткова мець ручныя СМІ, ручныя арганізацыі. Цяпер хочуць зрабіць ручнымі і некаторых асобаў. Менавіта тых, якія асацыююцца ў свядомасці многіх людзей як нацыянальна-незалежніцкія лідэры.

Чаго баіцца Лукашэнка? Сапраўднай нацыянальнай альтэрнатывы. І таму ён дабудоўвае ў сваю сістэму канкрэтных людзей, якія ў пэўны момант маглі б стаць гэтай альтэрнатывай.

Гэты разбуральны працэс, асабліва ў псіхалагічным стане, будзе працягвацца і далей. Шкада, што цяпер некаторыя людзі будуць атаясамліваць маіх сяброў Голубева і Трусава з уладай, якая вядзе краіну да калапсу — палітычнага, эканамічнага, псіхалагічнага, якога заўгодна».

 

«Маіх сяброў развялі як пацаноў»

«Гэтыя нашыя хлопцы зараз мне нагадваюць авечак, якіх зацягнулі да сябе ваўкі. Іх пасадзілі побач і кажуць: „Вы ваўкі“. У іх ад гэтага і дах паехаў.

Яны нічога дрэннага там нібыта і не рабілі. Але сваёй прысутнасцю яны ўхвалялі тое, што там адбывалася. Яны радаваліся, што іх нарэшце запрасілі, што ўлады нарэшце падумалі і пра краіну, і пра іх, што ўлады пачалі змагацца за незалежнасць. І таму мне іх шкада. Яны адукаваныя людзі, але іх развялі як пацаноў.

Лукашэнка казаў на гэтым шоў пра тое, як хакеісты з беларускай экстра-лігі вазілі па лёдзе дынамаўцаў з КХЛ. Дык мне падалося, што Лукашэнка як бы цягаў гэтых нашых двух бедных сяброў тварам па лёдзе».

www.svaboda.org