«Гадамі нас мачылі, хай цяпер ім дастанецца?»
Таоке меркаванне выказаў у блогу "Радыё Свабода" вядомы журналіст Віталь Цыганкоў. Мы палічылі яго вартым перадруку.
Памятаю,
неяк у пачатку 90-х, калі ў Беларусі дзяржаўнымі сімваламі былі Пагонеі
бел-чырвона-белы сцяг, адзін мой знаёмы, гледзячы на новую форму (аздобленую
нацыянальнымі сімваламі) беларускіх міліцыянтаў, сказаў — «так хочацца
пабачыць, як яны будуць камунякаў лупцаваць».
«Ведаеш, — кажу яму ў адказ, — у мяне іншая мара. Хацелася б, каб яны ўвогуле як мага менш кагосьці лупцавалі»
Магчыма, у гэтых дзьвюх рэпліках выявіліся два альтэрнатыўныя погляды на сутнасць і характар беларускай дзяржавы. За апошнія гады як сацыялагічныя даследаванні, гэтак і мае прыватныя назіранні, дыскусіі ў сацыяльных сетках пераконваюць, што не толькі праўладныя, але і «апазіцыйныя» беларусы пераважна выступаюць за моцную дзяржаву, за вялікія паўнамоцтвы дзяржаўных органаў і структур, у тым ліку і сілавых. Проста апазіцыйныя беларусы хочуць, каб гэтая дзяржава была «правільна» моцнай, арыштоўвала тых, каго трэба, — вобразна кажучы, «іхніх», а не «нашых».
Мяне здзіўляе, наколькі шмат патрыятычных беларусаў на самой справе не прымаюць ідэі, што дзяржава як структура павінна быць больш мяккай, спакойнай, чалавечай, ліберальнай. Яны хочуць, каб яна была не менш злобнай, паўсюднай, магутнай, ваяўнічай, чым цяпер — проста каб ваявала не з «намі», а з «імі». І, заўважце, заўжды абвяшчаецца, што пакуль яшчэ «не час» патрабаваць паслабленняў і лібералізму — пакуль, маўляў, існуе пагроза незалежнасці і суверэнітэту. Дык яна вечная, гэтая пагроза, пакуль існуе краіна на ўходзе ад Беларусі — што ж нам цяпер, увесь час у паўваенным стане жыць?
Апошнія арышты трох аўтараў расійскіх прапагандысцкіх рэсурсаў выклікалі ў некаторых ледзь не эйфарыю. Так і хочацца сказаць — вы што, сапраўды верыце, што беларускія сілавыя органы «перавыхаваліся», «усвядомілі» і нарэшце пачнуць хапаць і саджаць тых, каго трэба? Тыя самыя людзі, якія 10 снежня 2010 году збівалі на горкі яблык Някляева, ламалі ногі дзяўчатам і кінулі за адзін дзень за краты 700 чалавек, якія зусім нядаўна судзілі Пальчыса і сувалі дручок у зубы Дашкевічу — раптам сталі правільнымі?
Адкрыю вам адзін сакрэт — яны хапаюць ворагаў Лукашэнкі, а не ворагаў беларускай незалежнасці.
Часам мне здаецца, што задаволенасць ад такіх дзеяннях улады тлумачыцца проста ірацыянальнай прагай помсты — «гадамі нас мачылі, хай цяпер ім дастанецца».
Не хвалюйцеся, у найлепшым выпадку будзе раўнавага — і «нам» пры цяперашнім рэжыме па-ранейшаму будзе даставацца.