WADA выкрыла больш за тысячу расійскіх спартсменаў, датычных да допінгу
Сусветнае антыдопінгавае агенцтва прадставіла другую частку дакладу Рычарда Макларэна пра допінг у Расіі. У дакуменце сцвярджаецца, што допінг прымалі 12 прызёраў Алімпійскіх Гульняў у Сочы.
Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) прадставіла ў пятніцу, 9 снежня, другую частку дакладу канадскага спецыяліста Рычарда Макларэна пра допінг у Расіі. У ім гаворка ідзе пра тое, што больш за тысячу расійскіх спартоўцаў, якія спаборнічалі ў 30 відах спорту і ўдзельнічалі ў летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях, а таксама ў Паралімпіядах, былі датычныя да маніпуляцый са станоўчымі допінг-пробамі або здабывалі выгаду з гэтага, паведамляе www.dw.com
У новым дакладзе гаворка ідзе пра допінгавыя маніпуляцыі ў перыяд з 2011 як мінімум да 2015 года. У дакуменце гаворыцца, што махінацыі з пробамі былі "сістэматычнымі" на Алімпійскіх гульнях у Лондане і Сочы, а таксама на сусветных чэмпіянатах у 2013 годзе. Сярод парушальнікаў — 12 расійскіх прызёраў (у тым ліку спартоўцы, што выйгралі чатыры залатыя медалі) на Гульнях у Сочы.
У махінацыях, згодна з высноваў Макларэна, удзельнічалі міністэрства спорту, расійскае антыдопінгавае агенцтва РУСАДА, цэнтр спартыўнай падрыхтоўкі зборных каманд Расіі, маскоўская антыдопінгавая лабараторыя і Федэральная служба бяспекі РФ.
Цяперашні даклад з'яўляецца працягам расследавання Макларэна, першыя вынікі якога былі апублікаваныя ў ліпені 2016 года і сталі падставай для адхілення часткі расійскіх спартсменаў ад Гульняў у Рыа. Тады Макларэн паведаміў аб знікненні прыблізна 650 станоўчых допінг-пробаў расійскіх атлетаў у перыяд з 2012 па 2015 год:
"Міністэрства спорту кіравала, кантралявала і праводзіла маніпуляцыі з вынікамі аналізаў спартсменаў і абменьвалі іх пры актыўным удзеле і пры дапамозе ФСБ і Цэнтра спартыўнай падрыхтоўкі (ЦСП) зборных каманд Расіі ў Маскве і Сочы", — адзначалася ў справаздачы WADA ў ліпені гэтага года. "Мая каманда перакананая ў тым, што ФСБ прымала ўдзел у падмене допінг-пробаў падчас Алімпіяды ў Сочы", — сказаў тадыМакларэн на прэс-канферэнцыі. "ФСБ вывозіла допінг-пробы з Масквы ў спецыяльныя халадзільнікі ў спецыяльнай лабараторыі, якая была створана перад Алімпіядай", — адзначыў кіраўнік незалежнай камісіі WADA. "ФСБ праводзіла сакрэтныя аперацыі", — заявіў Макларэн.
У рамках расследавання эксперты WADA сабралі шматлікія сведчанні, вывучылі розныя крыніцы інфармацыі, аднак Макларэн адзначае, што, верагодна, усе атрыманыя дадзеныя — усяго толькі вяршыня айсберга.