Вярхоўная Рада прагаласавала за забарону антыўкраінскай друкаванай прадукцыі

Вярхоўнай Рада прагаласавала за забарону антыўкраінскай друкаванай прадукцыі з тэрыторыі Расіі. Ад цяпер ва Украіну не будуць прапускаць кнігі, якія прапагандуюць дзяржаву-агрэсара і падтрымліваюць акупацыю.

2016_09_12_achromienka_zabarona_rasejskich_knih.jpeg


Прыхільнікі рускай літаратуры чыстае красы могуць не хвалявацца — кнігі Талстога, Чэхава, Дастаеўскага, Блока і іншых рускіх класікаў ніхто ва Украіне не забараняе.

Размова ідзе пра літаратурную масавую культуру, дзе галоўныя станоўчыя персанажы, усялякія афіцэры ФСБ, ГРУ, спецназаўцы і наёмнікі змагаюцца за інтарэсы Расіі на чужынскай тэрыторыі.

Вось толькі некаторыя назвы падобнай кніжнай прадукцыі: «Украина — это руина», «Герои ДНР против украинских карателей», «Украина: русские идут!» і гэтак далей.

Да нядаўняга часу падобная прадукцыя маскоўскіх выдавецтваў вольна прадавалася ва ўкраінскіх кнігарнях.

Рашэнне па забароне тых ці іншых кніг будзе прымацца асобна. Для гэтага пры Міністэрстве культуры мае быць створаная экспертная рада, якая будзе аналізаваць друкаваную прадукцыю з Расійскай Федэрацыі.

Нагадаем, што падобныя кнігі вольна прадаюцца ў беларускіх кнігарнях і пазіцыянуюцца на кніжных форумах у якасці «патрыятычна-выхаваўчай літаратуры».

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя