Хапун працягваецца. Затрыманыя ўвесь час дадаюцца (пастаянна абнаўляецца)
Уначы і раніцай, напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, у Беларусі
працягваліся затрыманні грамадзянскіх актывістаў, палітыкаў і проста
грамадзян, якія збіраліся патрапіць у Мінск на акцыю.
Мінск
Адзін з заяўнікаў акцыі 25 сакавіка, прадстаўнік руху «За свабоду» ў аргкамітэце сьвяткаваньня Дня Волі Дзяніс Садоўскі затрыманы па дарозе ў цэнтр Мінска. Анархісцкая група “Прамень” паведамілі пра новыя затрыманні ў цэнтры Мінска. На Якуба Коласа былі затрыманыя дзве дзяўчыны:грамадзянка Польшчы Дарота Новак (яе пасвілі ціхары каля дома) і Алена Беліменка — сястра затрыманага раней Яўгена Дзяткоўскага. «Яны ехалі на машыне Якуба Коласа і іх прыхапілі некалькі машын міліцыі. Адна з дзяўчын патэлефанавала падчас затрымання, і было чуваць, што міліцыянты збіраліся біць шкло ў машыне, пагражалі. Іх даставілі ў Савецкае РУУС. Калі прыехаў Муж Алены — яму нічога не сказалі, толькі аддалі ключы ад кватэры. Потым туды прыехаў тэлеканал БТ. Калі прыехаў адвакат, яму сказалі, што ў іх нікога няма, але ён пачуў, як з камер крыкнулі: «Яна тут». Дарота — грамадзянка Польшчы. Муж Алены датэлефанаваўся консулу, і на дадзены момант ён едзе ў РУУС».
Каля Дома прэсы быў затрыманы адзін з заяўнікаў акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка, адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.
Як паведаміла лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова, яго затрымалі чатыры чалавекі ў цывільным, якія выскачылі з сіняга мікрааўтобуса.
Выязджаючы на акцыю, Дзяніс Садоўскі падкрэсліваў, што едзе менавіта дзеля таго, каб не дапусціць правакацый. У выпадку затрымання, падкрэсліваў ён, уся адказнасць за падзеі ў Мінску будзе ляжаць на ўладах краіны і персанальна на Аляксандру Лукашэнку.
У Менску затрымалі каардынатарку Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Магілёўскай вобласці Таісію Кабанчук. Пра гэта ў Facebook паведаміла яе сястра, кіраўнікі Сеньёрскай суполкі БХД Наталля Маразевіч. Таісія Кабанчук знаходзілася сярод пратэстоўцаў, якія ішлі ў бок Якуба Коласа.
Адбываюцца затрыманні журналістаў.
Затрыманыя журналісты "Нашай Нівы" Ірына Арахоўская і Арцём гарбацэвіч.
Затрымалі журналістку Вольгу Быкоўскую. Быкоўскую вязуць у Першамайскі РАУС Мінска.
Падчас "хапуна" у офісе закрытага ўладамі ПЦ "Вясна" затрымана журналістка Ганна Бадзяка.
У Мінску затрыманы карэспандэнт Радыё Рацыя Генадзь Барбарыч. Цяпер тэлефон журналіста не адказвае.
Мінск. Затрыманыя журналісты Аляксандр Баразенка (Белсат), Арцём Шрайбман (TUT.BY), Уладзімір Грыдзін (БелаПАН), расійскі фатограф Антон Карлінер, рэдактар сайта InformNapalm Дзяніс Івашын.
Мінск. Затрыманыя журналісты Любоў Лунёва і Дзмітрый Буянаў, міліцыя разбіла камеру пры затрыманні. Вязуць у РАУС.
Мінск. Затрыманыя журналісты Захар Шчарбакоў, Зміцер Карэнка. Таксама затрыманыя журналісты "КП у Беларусі" Ірына Козлік, Дар'я Пуцейка, Ганна Рыбчынская, галоўны рэдактар Андрэй Ляўкоўскі.
Гомель. Затрыманыя два журналісты TUT.BY Алена Бычкова, Іван Ярывановіч і журналістка БелаПАН Алена Германовіч.
Берасце. Уначы 25 сакавіка ў Брэсце затрыманы адзін з лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзімір Някляеў. Ён вяртаўся з Польшы цягніком у Мінск. У Варшаве палітык удзельнічаў у дыскусіі па сітуацыі ў Беларусі ў Сейме Польшы. Чакалася, што Някляеў прыбудзе ўвечары ў беларускую сталіцу самалётам. У аэрапорце, па інфармацыі партала tut.by, яго чакалі амапаўцы і сілавікі ў цывільным. Гэтым рэйсам прыляцелі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і праваабаронца Алесь Бяляцкі. 23 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Мінска павінны былі разглядацца адміністрацыйныя справы Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева. Суддзя Дзмітрый Астапенка абвясціў пра захады забеспячэння яўкі Міколы Статкевіча і Уладзіміра Някляева, паведаміў, што да яго прыходзілі міліцыянты, грукаліся ў дзверы, але ніхто не адчыніў. Суддзя пастанавіў адкласці паседжанне на 24 сакавіка.
Гомель. У Гомелі знік журналіст БелПАН Анатоль Гатоўчыц. Ягоная жонка Марыя Шыманоўская распавяла "Радыё Свабода": «Анатоль выйшаў з кватэры, каб ісці ў горад. Я прасачыла з балкону, ці ён выйшаў, але ён з пад’езду не выходзіў. Ужо паўгадзіны ягоны тэлефон адключаны». Яна ўдакладніла, што ейны муж збіраўся ісці ў цэнтар гораду, дзе сёння запланаваная акцыя на Дзень Волі. Адтуль ужо пазваніў актывіст Леанід Судаленка і паведаміў, што на плошчы Анатоля Гатоўчыца няма.
Аб 12.30 Жонка Анатоля Гатоўчыца паведаміла, што муж пазваніў ёй з чужога тэлефона і сказаў, што на ён волі, а ўсе падрабязнасьці раскажа пасля.
На 10 гадзін раніцы ў суботу гомельскіх журналістаў Марыю Булавінскую, Марыну Драбышэўскую і Яўгена Меркіса выклікалі у міліцыю нібыта для складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Тэлефоны журналістаў пакуль недасяжныя.
Журналістаў выпусцілі з пастарунку: з імі правялі апытанне наконт сітуацыі з філіалам Веткаўскага музея. На Яўгена Меркіса склалі пратаколы за асвятленне акцый у Магілёве і Пінску.
Бяроза. За 5 хвілін да адыходу цягніка на Менск на пероне быз затрыманы праваабаронца Сяржук Русецкі. На падыходзе да перону да яго пад'ехала міліцэйская машына, у якой сядзелі старэйшы лейтэнант і маёр, якія прапанавалі сесці ў машыну, дакументаў не прад'яўлялі, не прадстаўляліся, але машына з надпісам міліцыя і людзі ў форме. Зараз прывезлі ў РАУС Бярозаўскага раёна.
Бабруйск. Да аднаго актывіста з прыйшлі з крымінальнага вышуку, распытвалі маці, дзе ён і ці збіраўся ехаць у Мінск. У кватэру маці не пускала, сказала, што яго няма — зараз актывіст дома, міліцыя ў пад'ездзе.
Наваполацк. Уначы супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіcтку Таццяну Ладукас. За ёй доўга сачылі людзі ў цывільным. Нарэшце затрымалі і даставілі ў Наваполоцкі ГАУС. Зараз яе павезлі ў Следчы камітэт Наваполацка.
Таксама затрыманы і актывіст БХК Юрый Бельскі. Ён артымаў позву
з’явіцца ў Следчым камітэце, аднак не пайшоў. Раніцай стала вядома, што
яго затрымалі, калі выходзіў з дому ехаць у Менск. Зараз у РАУС.
Полацк. Пасля ўчорашняга ператрусу ў полацкім офісе свабоднага прафсаюзу затрыманы актывіст Віктар Стукаў. Ён у Полацкім РАУСе.
Ваўкавыск. Актывіста Віталя Гуляка затрымалі ўначы на чыгуначным вакзале, гадзіну трымалі на вакзале, тры гадзіны ў РАУСе, потым завезлі дахаты, і пільнуюць, каб не выходзіў з дому.
Мінск. Увечары ў Мінску была затрыманая Ганна Сівакова, уначы яе даставілі ў Маскоўскі РУУС, дома адбыўся ператрус.
У ноч з 24 на 25 сакавіка быў затрыманы актывіст анархісцкага руху Раман Халілаў.
Ліда. Лідская міліцыя выправіла аўтамабіль у вёску, каб даставіць на размову ў райцэнтр мясцовага сябра Партыі БНФ Сяргея Трафімчыка.
Гарадок. У райцэнтры Гарадок затрыманы актывіст руху «За Свабоду» Леанід Гаравы, які ехаў на сваім аўто ў Віцебск. Зараз ён знаходзіцца ў Гарадоцкім РАУС.
Рэчыца. Раніцай затрымалі грамадскага актывіста Алега Шабетніка на чыгуначным вакзале. Вязуць у РАУС.
Непасрэдна з цягніка, які рухаўся ў Гомель, знялі рэчыцкага блогера Дзмітрыя Лебедзева і Антона Варанцова. Вязуць у Рэчыцкі РАУС.
Слонім. Раніцай, 25 сакавіка, каля ўласнай хаты ў Слоніме супрацоўнікі ДПС затрымалі сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Уладзіміра Літвіна. Калі Уладзімір запытаўся,за што яго затрымліваюць, супрацоўнікі ДПС сказалі, што за ўдзел у слонімскім “Маршы недармаедаў”. Маўляў, ім загадалі затрымаць і прывесці ў пастарунак. Цяпер Уладзімір Літвін знаходзіцца ў Слонімскім РАУСе.
Іван Бедка затрыманы на выхадзе з свайго пад'езду, яго завезлі ў РАУС — нібыта лаяўся матам. Грамадскія актывісты Міхал Сошка і Алесь Масюк фактычна заблакаваныя ў адным з дамоў, іх пільнуюць супрацоўнікі міліцыі.
У Чашніках затрыманы актывіст Пётр Ганчарэнка. Ён паспеў напісаць сябру смс, у якім паведаміў, што міліцыя ўжо ў яго, ідзе ператрус.
Віцебск. Затрыманыя журналісты "Белсата" Вольга Чайчыц і Андрэй Козел. Вязуць у аддзяленне міліцыі. Затрымалі карэспандэнтаў "Радыё Рацыя" па Віцебскай вобласці Арцёма Сівенцава і Кастуся Багушэвіча.
Інфармацыя пра затрыманне падчас мірнай акцыі святкавання Дня Волі ў Менску каардынатара БХД у Воршы Яўгена Анішчанкі пацвердзілася. Зараз яго вязуць у аддзяленне міліцыі, якое – ён не ведае. Верагодна, Маскоўскі РАУС.