Генеральны сакратар NATO: Расія не можа накласці вета на ўступленне Украіны ў альянс

Трэція краіны не будуць вырашаць, хто можа ўступіць у NATO, а хто не. Пра гэта заявіў генеральны сакратар альянса Енс Столтэнберг пасля перамоў з расійскай дэлегацыяй у рамках Савета Расія — NATO ў Бруселі, перадае РБК.

Скончыўся другі раўнд перамоў Расія — NATO

Скончыўся другі раўнд перамоў Расія — NATO


— Усе члены адзіныя ў тым, што тычыцца ключавога прынцыпу: што кожная дзяржава мае права выбіраць свой шлях... Саюзнікі таксама згодныя з тым, што толькі Украіна і 30 саюзнікаў па NATO могуць вырашаць, калі Украіна будзе гатовая стаць сябрам NATO, — сказаў Енс Столтэнберг.
Ён удакладніў, што Расія не можа накласці вета на ўступленне Украіны ў NATO.
Сустрэча Савета Расія — NATO стала другой у серыі перамоў па гарантыях бяспекі. Перамовы працягваліся каля чатырох гадзін, Столтэнберг назваў іх складанымі, але карыснымі.
— У нас была шчырая і адкрытая дыскусія па шырокім коле пытанняў, вядома, з факусаваннем на напружанасці на Украіне і вакол яе, — сказаў Столтэнберг.
Паводле яго слоў, рознагалоссі паміж Масквой і саюзнікамі па NATO будзе складана пераадолець, але той факт, што бакам удалося сесці за стол перамоў, з'яўляецца пазітыўным сігналам.
Перамовы паміж Расіяй і саюзнікамі па NATO сталі першымі за апошнія два з паловай гады. Раней Масква запатрабавала ад NATO і ЗША гарантаваць недалучэнне Украіны да альянса. Такія пункты значыліся ў апублікаваных праектах дагавораў Расіі з NATO і ЗША аб гарантыях бяспекі.