«Гэта вам за ваша мінулае, сучаснасць і будучыню!» Ва Украіне ўзламаныя дзяржаўныя сайты

Хакеры ўзламалі шэраг урадавых сайтаў Украіны — сэрвісы «Дія», МЗС, ДСНС, Кабміна і Мінадукацыі, паведамляе korrespondent.net. «Бойцеся і чакайце горшага», — напісалі хакеры.

2700863.jpg

У ноч на пятніцу, 14 студзеня, адбылася глабальная хакерская атака на сайты ўкраінскага ўрада. Узламаныя сайты сэрвісу «Дія», Міністэрства замежных спраў, Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях, Кабінета Міністраў.

На стартавай старонцы МЗС прысутнічае абвестка на трох мовах: украінскай, рускай і польскай.

"Украінец! Усе вашыя асабістыя даныя былі загружаныя ў агульную сетку. Усе дадзеныя на кампутары знішчаюцца, аднавіць іх немагчыма. Уся інфармацыя пра вас стала публічнай, бойцеся і чакайце горшага. Гэта вам за ваша мінулае, сучаснасць і будучыню. За Валынь, за АУН УПА, за Галіцыю, за Палессе і за Гістарычныя землі".

Афіцыйная інфармацыя з'явілася на старонцы Facebook Міністэрства адукацыі і навукі.

"У сувязі з глабальнай атакай у ноч з 13 на 14 студзеня 2022 афіцыйны сайт Міністэрства адукацыі і навукі часова не працуе", — пазначана ў паведамленні.

Над ліквідацыяй праблемы працуе кіберпаліцыя.

Зрэшты, гэта далёка не першая кібератака: за мінулы месяц на органы дзяржаўнай улады Украіны было здзейснена амаль 60 кібератак, аднак усе яны былі нейтралізаваныя.