Германія падтрымае беларусаў, якія патрабуюць спынення гвалту — Хайка Маас

Германія і Еўрапейскі Саюз заўсёды будуць падтрымліваць людзей у Беларусі, калі гаворка ідзе аб законных патрабаваннях і дэмакратычных правах беларускага народа, заявіў міністр замежных спраў Германіі Хайка Маас у лісце да Святланы Ціханоўскай. Тэкст апублікаваны ў телеграм-канале Ціханоўскай.

tichan_maas_8_05__2_.jpg

Ліст прымеркавана да заканчэння Другой сусветнай вайны. У Германіі 8 мая адзначаюць Дзень вызвалення ад нацыянал-сацыялізму. У сваім пасланні Маас падкрэсліў, што гэтая дата па гэты дзень «трывала ўпісана ў памяць нашых краін».
«Той факт, што людзі ў Беларусі і ў іншых краінах, якім рэжым нацыянал-сацыялістаў прычыніў жорсткія пакуты, пасля вайны працягнулі нам, немцам, руку ў знак прымірэння, па гэты дзень напаўняе нас глыбокай удзячнасцю. Гэта прымірэнне стала магчымым дзякуючы таму, што памяць аб ахвярах заўсёды заставалася адным з галоўных аспектаў узаемаадносін паміж нашымі краінамі», — адзначыў кіраўнік нямецкага МЗС.
Ён таксама адзначыў, што «гісторыя вучыць нас, наколькі важна абарона дэмакратыі і правоў чалавека для захавання міру і свабоды ў Еўропе». Таму Германія і далей гатовая падтрымліваць грамадзян Беларусі, якія патрабуюць спынення гвалту і рэпрэсій.
На гэтым тыдні стала вядома, што ў пракуратуру Германіі паступіла заява на Аляксандра Лукашэнку. Яго абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці. Напярэдадні кіраўнік беларускай дзяржавы эмацыйна каментаваў гэтую навіну.
«Хай бы Вялікабрытанія ўжо там выступіла, Амерыка, Францыя, у кааліцыі ж былі. Але не спадчыннікі фашызму. Яны мяне будуць судзіць... хто вы такія, каб мяне судзіць?»,— сказаў ён.
Еўрарадыё