«Я не веру ў спантанныя цуды». Прэзідэнты Расіі і Францыі правялі перамовы ў Маскве
У панядзелак, 7 лютага, актывізаваліся міжнародныя намаганні па ўрэгуляванні крызісу вакол сітуацыі на мяжы Украіны. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон правёў перамовы ў Маскве, а канцлер Германіі Олаф Шольц — у Вашынгтоне. Перамовы адбываліся на фоне ўзмацнення пагрозы расійскага ўварвання ва Украіну. Пра гэта паведамляе «Голас Амерыкі».
Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Крамлі Эманюэль Макрон заклікаў да дээскалацыі сітуацыі. «Патрэбны дыялог — таму што гэта, на мой погляд, адзінае, што дапаможа выбудаваць падмурак для бяспекі і стабільнасці на еўрапейскім кантыненце», — падкрэсліў Макрон, дадаўшы, што ён «рады магчымасці сур’ёзнай дыскусіі па гэтых пытаннях», каб «пачаць працаваць над эфектыўным адказам».
Пуцін, у сваю чаргу, вітаў ролю Францыі ў фармаванні еўрапейскай бяспекі, а таксама адзначыў, што перамовы адбыліся менавіта ў той дзень, калі Расія і Францыя падпісалі дамову аб сяброўстве 30 гадоў таму.
«Я разумею, што мы абодва падзяляем занепакоенасць з нагоды таго, што адбываецца ў Еўропе ў сферы бяспекі», — сказаў Пуцін Макрону, таксама дадаўшы, што шануе намаганні французскага калегі, накіраваныя на забеспячэнне «роўнай бяспекі ў Еўропе» і на пасярэдніцтва ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу.
Як паведаміў Белы дом, Макрон, які ў аўторак 8 лютага накіруецца ва Украіну, у мінулую нядзелю пагаварыў па тэлефоне з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, абмеркаваўшы з ім «дыпламатычныя намаганні па стрымліванні» (Расіі. — Заўв. «Голас Амерыкі»).
Перад сустрэчай з Пуціным Макрон заявіў: «Я не веру ў спантанныя цуды».
У сваім інтэрв'ю французскай газеце «Journal du Dimanche» Макрон сказаў, што «бяспека і суверэнітэт Украіны, як і любой іншай еўрапейскай дзяржавы, не могуць быць прадметам кампрамісу, у той час як Расія мае права паставіць пытанне аб уласнай бяспецы». Таксама Макрон дадаў, што, на яго думку, «відавочна, што геапалітычная мэта Расіі цяпер — не Украіна, а ўдакладненьне правілаў яе суіснавання з NATO і ЕС».
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў візіт прэзідэнта Макрона «вельмі важным», адзначыўшы, аднак, што варта прыцішыць чаканні, паколькі «сітуацыя занадта складаная, каб чакаць пералому падчас адной сустрэчы», а таксама падкрэсліўшы, што атмасфера застаецца «напружанай».
У працяг глабальных дыпламатычных намаганняў па ўрэгуляванні ўкраінскай сітуацыі, Олаф Шольц сустрэнецца з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам у панядзелак, 7 лютага, у Вашынгтоне, пасля чаго накіруецца ў Кіеў і Маскву.
Чакаецца, што Байдэн і Шольц абмяркуюць сітуацыю з расійскім газаправодам «Паўночны паток-2». Гэта будзе іх першая асабістая сустрэча пасля таго, як Шольц узначаліў урад Германіі каля двух месяцаў таму.
Дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван у мінулую нядзелю зноў заявіў, што газаправод «Паўночны паток-2» не будзе запушчаны, калі Расія нападзе на Украіну.