Як гэта, 13 гадоў стаяць ля магілы па-зверску забітай калегі, без адказаў

20 кастрычніка 2004 года была забітая журналістка «Салідарнасці» Вераніка Чаркасава.

fullsize_distr.jpg


Яе знайшлі ва ўласнай кватэры з паўсотняй нажавых раненняў. Хто забойца — адказу на гэтае пытанне ў следства няма да гэтага часу.
Менавіта гэтымі словамі мы пачынаем «артыкул памяці» пра Вераніку больш за дзесяць гадоў запар. Успамінаем храналогію падзей і журналісцкія расследаванні, размаўляем з сябрамі, калегамі і блізкімі Чаркасавай, перачытваем яе артыкулы, звяртаемся да следчых органаў. Але галоўнае пытанне — хто ў той «крывавы аўторак» забіў нашу калегу — па-ранейшаму застаецца адкрытым.
Збіраючы ў тэкст гэтыя радкі, нямеюць рукі, а ад флэшбекаў кружыцца галава: вось Вераніка сядзіць, задуменная, у кампутара ў рэдакцыі; вось, усміхаючыся, едзе на сустрэчу з чарговым героем яе «вечных гісторый». А потым — мантаж — і вось мы на могілках. Кожны год, двойчы, 12 студзеня — у дзень нараджэння, і 20 кастрычніка — у дзень трагічнай гібелі Чаркасавай.
З году ў год на могілках ўсё больш не па сабе. І не столькі праз натуральныя прычыны, колькі таму што прынята казаць. Так, мы памятаем, мы ўспамінаем. Аднак хацелася б і адказваць. Сабе, блізкім, грамадству. Нарэшце, аддаць даніну памяці Чаркасавай, сказаўшы ля магілы: Вераніка, вінаватыя пакараныя.
Сёння мы зноў звяртаемся да ўладаў. Чаму следства прыпынена? Хто забойца? Хто заказчык? Чаму журналістка забітая?
І задаваць пытанні мы не перастанем.

Паводле gazetaby.com