Кіраўнік МЗС Украіны: Лукашэнку будзе балюча
Аляксандру Лукашэнку «будзе балюча», калі ён пусціць баевікоў з Данбаса да захопленага беларускімі сілавікамі журналіста Рамана Пратасевіча. Аб гэтым заявіў у эфіры «Сніданок з 1+1» міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, піша liga.net.
«Будзе балюча Аляксандру Лукашэнку (калі баевікі дапытаюць Пратасевіча. — Рэд.). У нас ёсць дастаткова інструментаў, каб зрабіць балюча людзям і краінам, якія не паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Асабліва, калі гаворка ідзе пра Беларусь, з якой у нас ёсць шмат сувязей, у тым ліку эканамічных», — сказаў кіраўнік МЗС.
Кулеба дадаў, што не хоча галаслоўна кідацца пагрозамі, але ёсць рэчы, якія Украіна не даруе. «Непавага да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны — адна з такіх рэчаў», — дадаў дыпламат.
Ён таксама адмовіўся канкрэтна гаварыць, якія крокі будуць зробленыя, калі баевікоў усё ж пусцяць да Пратасевіча.
«Калі яны гэта зробяць, то вы ўбачыце. Па-першае, я не хачу палягчаць жыццё Лукашэнку і яго атачэнню. Па-другое, мы будзем дзейнічаць вельмі ўзважана. Мы не хочам ніякай палітычнай ці гандлёвай вайны з Беларуссю. Гэта блізкая нам краіна, мы турбуемся аб іх народзе. Але Лукашэнка не пакідае нам выбару, пастаянна штурхае да таго, каб мы рэагавалі на яго дзеянні», — сказаў Кулеба.