Ва Украіне распавялі, калі адновяць авіязносіны з Беларуссю

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што аднаўленне з Беларуссю авіязносін, спыненых з ініцыятывы Украіны, будзе залежаць ад беларускіх улад і іх стаўлення да правоў чалавека, перадае «Радыё Свабода».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Наконт аднаўлення — гэта будзе залежаць не ад нас, а ад палітыкаў Беларусі: якім чынам яны будуць паводзіцца з тымі палітычнымі вязнямі, якіх сёння ўжо тысячы ў Беларусі», — заявіў Аляксей Данілаў пасля чарговага пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны 4 чэрвеня.
Паводле яго, сёння беларускае пытанне і сітуацыя ў Беларусі не абмяркоўваліся.
Каментуючы запрашэнне Аляксандрам Лукашэнкам следчых з так званай «ЛНР» для правядзення следчых дзеянняў з затрыманым журналістам Раманам Пратасевічам і перанос перамоўнай пляцоўкі з Беларусі ў іншую краіну, сакратар Рады нацбяспекі сказаў:
«Цяпер ідзе вельмі такая магутная інфармацыйная кампанія ў гэтым плане. Ці будзем мы пераносіць нашы перамовы з Мінска — такое пытанне ёсць».
«Але я хацеў бы звярнуць увагу на наступную рэч. Калі Уладзімір Пуцін вядзе перамовы з Лукашэнкам, чалавекам, які не прызнаны ні адной цывілізаванай краінай свету як прэзідэнт Беларусі, то пра якія дамоўленасці ў іх можа ісці гаворка і якія яны могуць падпісваць тыя ці іншыя пагадненні? Тут ёсць вялікае пытанне наконт гэтых кантактаў і як яны будуць разглядацца. Але мы ўсведамляем, што гэтае пытанне на міжнародным узроўні дакладна ніхто не можа прызнаць, таму што на сёння для максімальнай большасці краін свету Лукашэнка не ёсць прэзідэнтам Беларусі», — падкрэсліў ён.
Украіна не прызнала вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і замарозіла дачыненні з Аляксандрам Лукашэнкам пасля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту ў жніўні 2020 года.
25 траўня Дзяржаўная авіяцыйная служба Украіны паведаміла аб увядзенні поўнай забароны на авіяцыйныя перавозкі паміж Украінай і Беларуссю з 00:00 26 траўня для ўкраінскіх і беларускіх перавозчыкаў, а з 29 траўня — аб поўным закрыцці паветранай прасторы і для транзітных авіярэйсаў з Беларусі.
Кіраўніцтва Украіны неаднойчы заяўляла пра намер далучыцца да еўрапейскіх санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння, датычнага да фальсіфікацый вынікаў выбараў і катаванняў удзельнікаў акцый пратэсту, але пакуль што гэтага не зрабіла.
Вядома, што Міністэрства замежных спраў Украіны падрыхтавала адпаведнае рашэнне. 6 траўня яго разгледзеў урадавы камітэт, пазней падтрымаў Кабінет міністраў Украіны.
Рашэнне аб санкцыях ухваляе Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, а юрыдычную моц яно набывае пасля падпісання прэзідэнтам краіны адпаведнага ўказа.