Еўрасаюз забараніў перавозчыкам Беларусі выкарыстоўваць сваю паветраную прастору і аэрапорты

Сёння Еўрапейская рада вырашыла ўзмацніць дзейсныя абмежавальныя меры з улікам сітуацыі ў Беларусі, увёўшы забарону на пралёты над тэрыторыяй ЕС і на доступ у аэрапорты ЕС для беларускіх перавозчыкаў усіх відаў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Такім чынам, краіны ЕС будуць абавязаны адмаўляць у дазволе на пасадку, узлёт або пералёт над сваёй тэрыторыяй любому самалёту, эксплуатаванаму беларускімі авіяперавозчыкамі, у тым ліку ў якасці маркетынгавага перавозчыка.
Сённяшняе рашэнне з'яўляецца працягам Заключэння Еўрапейскай рады ад 24 і 25 траўня, у якім кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕС рашуча асудзілі незаконную прымусовую пасадку рэйса «Ryanair» у Мінску 23 траўня 2021 года, што паставіла пад пагрозу бяспеку палётаў. У Заключэнні таксама асуджаецца затрыманне ўладамі Беларусі журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега і ўтрымліваецца заклік да Рады Еўрапейскага саюза прыняць неабходныя меры, у тым ліку пашырыць спісы фізічных і юрыдычных асоб, на якія распаўсюджваюцца абмежавальныя меры, згодна з адпаведным рэжымам санкцый, а таксама ўвесці далейшыя адрасныя эканамічныя санкцыі.