Крыніцы: Макей сустрэнецца з кіраўніком МЗС Польшчы, абмяркуюць вызваленне лідараў польскай меншасці

Падчас наступнай генеральнай сесіі ААН у Нью-Ёрку (22-26 верасня) мае адбыцца сустрэча Уладзіміра Макея і міністра замежных спраў Польшчы Збігнева Раў.

Анжаліка Борыс

Анжаліка Борыс


Плануецца, што падчас яе будзе ў тым ліку абмеркаваны выхад на волю палітвязняў — журналіста Андрэя Пачобута і старшыні Саюза палякаў Беларусі Анжалікі Борыс. Яны адмовіліся пісаць прашэнні «аб памілаванні» на імя Лукашэнкі, піша «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы.

Пакуль невядома, ці выстаўлены польскім бокам выхад вязняў як умова сустрэчы.

Па інфармацыі «НН», усё рыхтуецца дыпламатычнымі службамі — яны дамаўляюцца пра парадак перамоў. Агульная пазіцыя Захаду вядома — гэта непрызнанне Лукашэнкі легітымна абраным прэзідэнтам, спыненне рэпрэсіяў, пачатак дыялогу ўладаў і грамадзянскай супольнасці.

Пры гэтым, як сцвярджае крыніца, палякі і літоўцы ніколі не выступалі за разрыў дыпламатычных адносін. Па словах суразмоўцы, хаця яны паслядоўна асуджаюць рэпрэсіі, яны заўсёды былі за захаванне каналаў размовы, каб калі што існаваў «чырвоны тэлефон». На гэты момант, наколькі нам вядома, скарачэнне дыпламатычных адносін — ініцыятыва беларускіх уладаў.

Кардынальных зменаў ад сустрэчы не чакаецца, адзначае наш суразмоўца, максімум, да чаго могуць прыйсці: што Захад запаволіць санкцыі і верне авіяспалучэнне, а беларускія ўлады спыняць рэпрэсіі, пачнуць выпускаць людзей, а таксама вырашаць сітуацыю з мігрантамі. Праўда, ёсць сумненні, што гэта будзе прынята поўным пакетам і цалкам.

Пры гэтым пра тое самае піша польскае СМІ onet.pl, каментуючы скандал з запрашэннем на эканамічны форум у Карпачы Юрыя Васкрасенскага. Оnet.pl зазначае са спасылкай на дзве крыніцы ў МЗС Польшчы, што «дыпламатыя Польшчы ведала, што Васкрасенскі з’явіцца ў Карпачы. Паведамляецца, што ён удзельнічае ў неафіцыйных перамовах аб вызваленні Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. Гэтыя перамовы працягваюцца даўно і будуць працягнутыя падчас запланаванай на другую палову верасня сустрэчы кіраўнікоў дыпламатыі Польшчы і Беларусі. Яны павінны сустрэцца ў Нью-Ёрку з нагоды сесіі Генасамблеі ААН».

«Праблема ў тым, што ў Польшчы, якая жадае вызваліць Анжаліку Барыса і Анджэя Пачобута, і пры гэтым дэ-факта не маючы каналаў сувязі з мінскім рэжымам, няма іншага выйсця, акрамя як пагаварыць з тымі, хто мае доступ да Лукашэнкі», — піша выданне.