Крыніцы: У Беларусі можа прайсці рэферэндум аб «зліцці» з Расіяй
Разам з рэферэндумамі ў самаабвешчаных «ЛДНР» можа прайсці плебісцыт у Беларусі аб «зліцці» з Расіяй. Пра гэта паведамляе расійскае выданне «Медуза» са спасылкай на свае крыніцы.
«Медуза» распавядае, што ўлады РФ не адмовіліся ад ідэі
правесці рэферэндумы па далучэнні да Расіі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама
занятай расійскімі войскамі Херсонскай вобласці. Калі менавіта яны могуць
прайсці, залежыць ад сітуацыі на фронце. Пакуль самая рэалістычная дата — 11
верасня, у адзіны дзень галасавання.
Паводле звестак крыніц выдання, у тыя ж тэрміны
можа прайсці рэферэндум аб далучэнні Паўднёвай Асеціі. Яны ж не выключаюць, што
разам з рэферэндумамі ў самаабвешчаных рэспубліках Данбаса можа прайсці
плебісцыт аб «зліцці» з Расіяй у Беларусі.
«Але гэта калі ўдасца праціснуць Лукашэнка, які ад такога сцэнара ўсяляк сыходзіць», — падкрэслівае адзін з суразмоўцаў.