Лех Валенса і іншыя дзеячы Польшчы падпісалі адкрыты ліст у падтрымку Беларусі

Польскія грамадскія і палітычныя дзеячы выказаліся ў падтрымку народа Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне і заклікалі ўсе дэмакратычныя дзяржавы дапамагчы Беларусі ў яе імкненні да пераменаў.

valenca_174003082020.jpg


«Дарагія сябры, паважаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь — гаворыцца ў лісце, апублікаваным сёння ў “Gazeta Wyborcza”. — 75 гадоў таму грамадствам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы быў навязаны новы сусветны парадак, які стаў вынікам трагічных войнаў, што вялі паміж сабою вялікія глабальныя дзяржавы. Дзесяцігоддзямі народы Беларусі, Балгарыі, Чэхіі, Эстоніі, краін Балканскага паўвострава, Літвы, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Украіны вымушаныя былі змагацца за найважнейшыя каштоўнасці: свабоду асобы, незалежнасць, павагу да чалавека і павагу да праўды. Каштоўнасці, якія складаюць ідэнтычнасць ўсіх дэмакратычных краін свету.

9 жніўня цудоўныя беларускія людзі будуць у чарговы раз змагацца за каштоўнасці, без якіх ніводнае грамадства не можа называцца свабодным. З вялікім хваляваннем і гонарам мы назіраем за Вашай сілай і рашучасцю, каб зрабіць гэтыя выбары святам перамогі дэмакратыі і свабодных грамадзян Беларусі.

40 гадоў таму польскі рух «Салідарнасць» дамогся падзення камунізму ў Польшчы. Дзякуючы адвазе грамадзян, сіле барацьбы і веры ў перамогу немагчымае стала магчымым. Але польскага поспеху не было б без салідарнасці дэмакратычных краін і рашучасці гістарычных лідараў вольнага свету.

Памятаючы ўласны вопыт, а таксама вопыт многіх пакаленняў, якія змагаліся за свабоду, заяўляем выразна і рашуча, што беларусы не адны, і не могуць застацца адны ў гэтай барацьбе. Падтрымка незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі з’яўляецца маральным абавязкам сучасных дэмакратычных лідараў. Хай салідарнасць цячэ ад усіх свабодных грамадзян свету, а сцены абрынуцца», — гаворыцца ў лісце.

Ліст падпісалі:

Лех Валенса, лідар «Салідарнасці», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра, прэзідэнт Польшчы ў 1990-1995 гадах, палітвязень.

Лешэк Бальцаровіч, дзеяч «Салідарнасці», інжынер эканамічных рэформаў у Польшчы пасля падзення камунізму.

Конрад Бяліньскі, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.

Багдан Барусевіч, дзеяч «Салідарнасці», віцэ-спікер Сената, палітвязень.

Збігнеў Буяк, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.

Уладзіслаў Фрасынюк, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.

Эва Кулік-Бяліньска, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.

Барбара Лабуда, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.

Багдан Ліс, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.

Ян Літыньскі, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.

Адам Міхнік, дзеяч «Салідарнасці», галоўны рэдактар «Gazety Wyborczej», палітвязень.

Гражына Станішэўска, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.

Людвіка Вуец, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.

Хенрык Вуец, дзеяч «Салідарнасці», палітвязень.


Паводле reform.by