Міхаілу Жамчужнаму вынесена першае спагнанне

Спагнанне было вынесена Міхаілу Жамчужнаму 21 ліпеня, у выніку якога ён пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання. Сам палітвязень расцэньвае яго як правакацыю і спосаб ціску на яго.

zamchuzny.gif


Па словах га, у той дзень ён запісаўся на прыём да начальніка спецчасткі, каб пракантраляваць адпраўку ягоных скаргаў. У суправаджэнні днявальнага, як гэтага патрабуюць правілы ўнутранага распарадку,  ён прыйшоў у спецчастку і стаў у чаргу на прыём. Супрацоўнік спецчасткі вывеў яго з чаргі і адвёў у сектар №4. За самавольнае перамяшчэнне па тэрыторыі калоніі на Міхаіла Жамчужнага быў складзены акт, што і стала падставай для вынясення спагнання. Варта адзначыць, што вывеў яго з чаргі і адвёў у недазволены сектар якраз той супрацоўнік і, які раней увёў яго ў зман адносна таго, што наглядныя скаргі могуць падавацца толькі праз год пасля вынясення прысуду. Гэтая інфармацыя была апублікавана, у выніку чаго праводзілася праверка дзеянняў дадзенага супрацоўніка.

Міхаіл Жамчужны таксама паведаміў, што атэстацыйная камісія не пацвердзіла ягоны ранейшы статус “асобы, якая стала на шлях выпраўлення”. Захоўваецца жорсткі кантроль за ягоным  перамяшчэннем па тэрыторыі пенітэнцыярнай установы, як для асобы, “схільнай да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці” па-ранейшаму прадугледжаны 4 кожнадзённыя праверкі. Але разам з тым у Жамчужнага захоўваюцца палепшаныя ўмовы ўтрымання.

У ліпені 2015 года Міхаіл Жамчужны  быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаванні звестак, што складаюць службовую таямніцу і ў  незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, што складае службовую таямніцу.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.


spring96.org