МЗС Літвы ўручыла Беларусі ноту пратэсту з-за парушэння мяжы беларускім пагранічнікам
МЗС Літвы ўручыла ноту пратэсту прадстаўніку беларускай амбасады ў сувязі з парушэннем дзяржаўнай мяжы памежнікам, паведамляе прэс-служба літоўскага ведамства.

У МЗС Літвы 20 кастрычніка выклікалі прадстаўніка амбасады Беларусі, дзе яму ўручылі дыпламатычную ноту пратэсту супраць «неаднаразовых парушэнняў дзяржаўнай мяжы Літвы». Адно з іх, як сцвярджае літоўскі бок, здзейсніў беларускі памежнік.
«Міністэрства замежных спраў патрабуе, каб Беларусь як мага хутчэй прадаставіла тлумачэнні здарэння і прыняла ўсе неабходныя меры для прадухілення паўтарэння падобных інцыдэнтаў у будучыні», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, вечарам 18 кастрычніка літоўскія памежнікі зафіксавалі, як трое людзей у форме падышлі да лініі мяжы з беларускага боку. Адзін з іх зайшоў углыб літоўскай тэрыторыі на 2,5 метры. Па дадзеным факце распачата дасудовае расследаванне.