Новы інцыдэнт на мяжы: польскія памежнікі затрымалі 17 мігрантаў пасля прарыву калючага дроту
Група мігрантаў у светлы час сутак з дапамогай бервяна зламала частку агароджы і на вачах польскіх вайскоўцаў уварвалася на тэрыторыю Польшчы.

Здарэнне адбылося ў вёсцы Горны Уснар, якая месціцца на памежжы Беларусі і Польшчы. Мігранты, нягледзячы на прысутнасць польскіх вайскоўцаў, пачалі дрэвам нішчыць агароджу з калючага дроту, а затым перабраліся на польскі бок.
Польскія службы зрэагавалі імгненна — яны атачылі нелегальных мігрантаў і прымусілі іх легчы на зямлю. Супраць некаторых прымянілі слёзацечны газ, запатрабаваўшы па-англійску: «Вяртайцеся назад!»
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі напісаў, што на відэа «шакуючыя кадры збіцьця ўцекачоў з Афганістана польскімі сілавікамі», але на прадастаўленым відэа насамрэч збіцця не відаць.
Беластоцкі аддзел польскай Памежнай варты пацвердзіў факт прарыву на мяжы, назваўшы здарэнне «сілавым фарсіраваннем мяжы». Беластоцкая рэдакцыя «Gazety Wyborczej» паведаміла, што ёй вядомыя 17 прозвішчаў мігрантаў, якія ўдзельнічалі ў прарыве.
Са спасылкай на «Fundacja Ocalenie» газета піша пра збітых і вывезеных на аўтамабілях з памежнай паласы мігрантаў.