МЗС Беларусі спадзяецца на поўную адмену санкцый ЕС
МЗС Беларусі чакае поўнай адмены санкцый ЕС. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык 15 кастрычніка на брыфінгу ў Мінску, адказваючы на пытанне аб рэакцыі беларускага боку на інфармацыю аб магчымым прыпыненні санкцый у дачыненні да Беларусі.
![sanks_bel.jpg sanks_bel.jpg](/img/v1/news/full/sanks_bel.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
“Мы каментуем канкрэтныя падзеі і факты. Наша пазіцыя па тэме антыбеларускіх санкцый вядомая: яны паказалі сваю неэфектыўнасць і бесперспектыўнасць. Чакаем іх поўнай адмены і спадзяемся, што гэта адбудзецца як мага хутчэй”, — заявіў Мірончык, перадае БелаПАН.
12 кастрычніка міністры замежных спраў краін Еўрасаюза на пасяджэнні Савета ЕС дамовіліся аб прыпыненні на чатыры месяцы санкцый у дачыненні да Беларусі, аднак афіцыйнае рашэнне па гэтым пытанні павінна быць прынята да канца кастрычніка.
У цяперашні час пад візавыя і фінансавыя санкцыі Еўрасаюза падпадаюць 175 беларускіх грамадзян і каля 20 прадпрыемстваў, якіх ЕС абвінавачвае ў парушэнні правоў чалавека і фінансаванні беларускага рэжыму.