The Guardian: Беларускія квазісавецкія выбары
Брытанская газета The Guardian прысвячае рэдакцыйны артыкул вынікам прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, дзе ў пяты раз запар прадказальна перамог Аляксандр Лукашэнка.
Выданне называе афіцыйныя вынікі выбараў «квазісавецкімі»: калі верыць ім, за дзеючага беларускага прэзідэнта, якога Guardian называе няйначай як «апошнім аўтакратам Еўропы», прагаласавала 83% выбаршчыкаў.
Здзіўленне газеты выклікае тое, што як толькі «беларускі электаральны маскарад» скончыўся, ЕС тут жа выказаў намер палегчыць санкцыі, уведзеныя супраць Лукашэнкі 10 гадоў таму ў адказ на яго рэпрэсіі супраць апазіцыі.
«Усё роўна, хто галасуе, важна тое, хто лічыць галасы», — нагадала незадоўга да выбараў у Беларусі словы Сталіна Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч.
Прысуджэнне Алексіевіч Нобелеўскай прэміі Guardian лічыць не толькі мудрым, але і своечасовым рашэннем: пісьменніца вядомая вельмі крытычным стаўленнем да дзеючай беларускай улады і асабіста да Лукашэнкі. «Святлана Алексіевіч мае рацыю, заявіўшы пра тое, што Лукашэнку нельга давяраць», — мяркуе газета.
Сапраўды, перад выбарамі беларускі дыктатар, піша Guardian, выпусціў з турмаў палітвязняў. Ён таксама, у адрозненне ад мінулых гадоў, пазбягаў гвалтоўнага падаўлення акцый апазіцыі, нагадвае выданне.
Але ці дастаткова гэтага для таго, каб цалкам зняць еўрапейскія санкцыі з рэжыма Лукашэнкі? Наўрад ці, мяркуе выданне.
«Расійская агрэсія ва Украіне стварыла цалкам іншы стратэгічны ландшафт. Адно з наступстваў гэтага: Лукашэнка стаў вельмі турбавацца, што расійскі ваенны авантурызм можа ў адзін цудоўны дзень стаць пагрозай яго ўласнай уладзе», — мяркуе Guardian. На гэтым фоне, разважае выданне, няма нічога дзіўнага ў тым, што беларускі ўладар зноў стаў рабіць рэверансы ў адрас Еўропы.
Тым не менш, любыя дыпламатычныя крокі ў адносінах да цяперашніх уладаў у Мінску павінны, як і раней, прадпрымацца з крайняй асцярогай, выказвае меркаванне Guardian: можна падумаць аб частковым паслабленні санкцый, але ніяк не аб поўнай іх адмене.
Лукашэнка знакаміты сваім уменнем балансаваць паміж Захадам і Масквой. У цяперашняй сітуацыі Захад мае на руках усе казыры, «ён можа і павінен скарыстаць свой моцны ўплыў» на беларускага прэзідэнта.
«Далейшыя дзеянні Еўропы павінны суправаджацца жорсткімі ўмовамі: грамадзяне Беларусі, сапраўды гэтак жа, як і грамадзяне Украіны, маюць права жыць у нармальнай дэмакратыі», — піша Guardian.