На выбары акрэдытавана 557 нацыянальных назіральнікаў

Цэнтрвыбаркам акрэдытаваў на прэзідэнцкія выбары ўжо 557 нацыянальных назіральнікаў. За апошні тыдзень зарэгістравана больш як 200 чалавек. Пра гэта паведамляе Еўрарадыё

vybary_0206.jpg

Пераважная большасць гэтых назіральнікаў прадстаўляюць праўладныя арганізацыі.
Сярод назіральнікаў 492 чалавекі прадстаўляюць грамадскія аб'яднанні, 35 — палітычныя партыі, 2 — працоўныя калектывы, а 28 — гэта грамадзяне, якія падавалі заявы на акрэдытацыю ў якасці назіральнікаў.
Сярод партыяў найбольшую колькасць назіральнікаў вылучыла Камуністычная партыя Беларусі — 29. Тры назіральнікі зарэгістраваныя ад Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды, два — ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, адзін — ад Партыі БНФ.
Між грамадскіх аб'яднанняў першае месца па колькасці назіральнікаў мае БРСМ — 131. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла на назіранне за выбарамі 113 чалавек, «Белая Русь» — 85, Беларускі саюз жанчын — 51.
39 назіральнікаў адпарвіць на выбары Беларускі Хельсінскі камітэт, 41 — Беларускае аб’яднанне вэтэранаў, 16 — Беларускі фонд міру і аднаго — «БНФ Адраджэнне».
Прысутнасць міжнародных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах, як казала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, пад пытаннем.
Выбары прызначаныя на 9 жніўня.