Бабарыка падаў у ЦВК скаргу на Лукашэнку, прапануе адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам
Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка 1 чэрвеня падаў у Цэнтральную выбарчую камісію заяву аб парушэнні заканадаўства на выбарах, піша «Свабода».
![42ce35b9_e6f7_47c3_bc80_d16f5aec47f3_w1023_r1_s.jpg 42ce35b9_e6f7_47c3_bc80_d16f5aec47f3_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/42ce35b9_e6f7_47c3_bc80_d16f5aec47f3_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На сваім сайце ён апублікаваў поўны тэкст звароту.
У звароце Бабарыка адзначае шырокі распаўсюд інфармацыі аб парушэннях на выбарах і дадае, што заканадаўства патрабуе ў трохдзённы тэрмін даць адказ аб прыняцці захадаў па парушэннях, інфармацыя па якіх безумоўна пацверджаная, і не пазней за 11 чэрвеня правесці праверку і прыняць захады па тых парушэннях, якія вымагаюць праверкі.
На што скардзіцца Бабарыка:
- прымус падпісвацца за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты (спіс фактаў прымусу ён прыкладае ў дадатках да звароту);
- пагрозы «неспрыяльнымі» наступствамі або абяцанні «спрыяльных» наступстваў у сувязі з подпісам за вылучэнне Лукашэнкі;
- удзел адміністрацыі ўстановаў у зборы подпісаў з падначаленых;
- заявы Лукашэнкі на Мінскім трактарным заводзе 29 траўня, якія «безумоўна з’яўляюцца агітацыяй»;
- паклёп асабіста на яго з боку Лукашэнкі — заявы пра тое, што ён нібыта распаўсюджваў зманлівыя звесткі, і намёкі на тое, што ён выкарыстоўваў на выбарчую кампанію расійскія грошы;
- выказванне Лукашэнкі, што ў Беларусі «Канстытуцыя не пад жанчыну».
Ён адзначае, што выкарыстанне службовага становішча ў інтарэсах абрання — падстава для адмовы ў рэгістрацыі чалавека кандыдатам у прэзідэнты, і мяркуе, што пералічаныя ім факты цалкам падпадаюць пад крытэры з Выбарчага кодэксу.
Бабарыка прапануе ЦВК адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам, калі ў выніку разгляду звароту будуць выяўленыя парушэнні заканадаўства. Пры выяўленні іншых парушэнняў, не згаданых у адпаведным артыкуле, — вынесці Лукашэнку папярэджанне. Таксама ён прапануе прызнаць несапраўднымі падпісныя лісты, подпісы ў якіх сабраныя з парушэннямі. Што да ілжывых звестак адносна сябе самога, Бабарыка лічыць, што яму павінны даць магчымасць публічна выступіць з іх абвяржэннем.
Таксама Бабарыка просіць даць сябрам ягонай ініцыятыўнай групы магчымасць збіраць подпісы «на аналагічных умовах» — у працоўны час і з давядзеннем інфармацыі пра гэта да ўсіх супрацоўнікаў (навучэнцаў).