Намер міністра адукацыі вярнуцца да вывучэння гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску выклікаў нервовую рэакцыю ў Расіі

Фінансаваныя з дзяржбюджэту расійскія СМІ і аналітыкі назвалі гэта «стаўкай на радыкальны нацыяналізм».



imperia_gerb.jpg

21 студзеня новы міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў заявіў: «Вывучаць геаграфію і гісторыю Беларусі трэба на беларускай мове. Я мяркую, што паступова самі дзеці прыйдуць да таго, што захочуць вывучаць палову ці большую частку прадметаў агульнаадукацыйнай школы на беларускай мове».
Гэтае выказванне мала рознілася ад заяваў ранейшага міністра, Маскевіча. Гаворка ідзе не пра ўвесь курс гісторыі і геаграфіі, а толькі пра гісторыю і геаграфію Беларусі. Да 2000-х іх вывучалі па-беларуску, але пасля перавялі працэс на рускую мову. Хоць цяжка сабе ўявіць, каб, скажам, у Расіі геаграфію і гісторыю Расіі вывучалі не па-руску, а на іншай мове.
Ранейшыя пажадальныя заявы Маскевіча ніякіх практычных вынікаў не мелі. Дый, здавалася б, пытанні адукацыі — выключна ўнутраная справа Беларусі. Тым не менш, нават гэтага сціплага пажадання зрабіць нешта, каб палепшыць веданне беларускай мовы маладым пакаленнем, стала дастаткова, каб шэраг фінансаваных дзяржавай СМІ і аналітычных цэнтраў Расіі ўзнялі вялікі шум. 
«21 января министр образования Белоруссии Михаил Журавков заявил, что в ближайшее время преподавание истории и географии на русском языке в школах будет запрещено», — у характэрнай гёбельсаўскай манеры напісала інфармацыйнае агенцтва «Рэгнум». Яно, фактычна, з'яўляецца інструментам стварэння сеткі агентаў уплыву ў былым СССР, замаскіраваным пад сродак масавай інфармацыі.
«Печально констатировать, что Белоруссия верно следует антироссийским курсом. Власти республики идут по пути национализма украинского толка. Пока это не столь явно, но ситуация далее будет лишь усугубляться», — заявіў намеснік дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Багдан Бяспалька.
«В Белоруссии началась очередная волна дерусификации, это факт», — туруе кіраўнік галаслівага інтэрнэт-партала з паказальнай назвай «Імперыя» Юрый Баранчык, які пераехаў жыць і працаваць у Маскву з Беларусі.
«Імперыя» адыграла важную ролю ў арганізацыі беспарадкаў на Данбасе, якія перараслі ў крывавую вайну.
«По сути, белорусское руководство сейчас окончательно сбросило маски, — страшыць Баранчык. — Если ситуация не изменится, лет через пять белорусский национализм может сравняться по своей крайности с украинским».
Як відаць з гэтых выказванняў, імперскія сілы ў Расіі можа задаволіць толькі поўная адмова беларусаў ад сваёй мовы і культуры. Яны рыхтуюць расійскую грамадскую думку да сілавога ўмяшання ў жыццё нашай краіны пад прэтэкстам процідзеяння выдуманым «нацыяналістам».
Пакуль рукі гэтых сілаў звязаныя Украінай, якая аказала супраціўленне планам расчлянення краіны. Нацыянальная свядомасць украінцаў аказалася мацнейшай, чым меркавалі ў Маскве. Пасля рэалізацыі сваіх планаў ва Украіне ці ў выпадку іх канчатковага блакавання гэтая шація можа пераарыентавацца на Беларусь.
«Путем создания альтернативного экспертно-общественного мнения и опоры на сотрудников спецслужб Украины, а теперь и Белоруссии (ибо в любом случае для российских интеграторов на очереди именно она) можно создавать сильное пророссийское движение, способное не только оказывать воздействие на общественное мнение, но и изменять политику и руководство этих стран в нужном России», — засцерагае былы супрацоўнік Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў, доктар гістарычных навук Аляксандр Сыцін у сваім артыкуле «Анатомия провала: О механизме принятия внешнеполитических решений Кремля». Гэта аналітычны цэнтр пры Службе замежнай выведкі Расіі, які цяпер перайшоў у падпарадкаванне Адміністрацыі прэзідэнта РФ.
У 1990-я і 2000-я Расія ўзнагароджвала Беларусь шчодрымі нафтагазавымі субсідыямі ўзамен за ваенна-палітычны саюз і палітыку русіфікацыі. Аднак, як паказалі падзеі ў Крыме і на Данбасе, доўгатэрміновая мэта Расіі — інкарпарацыя тых суседніх краін ці іх рэгіёнаў, якія дасягнулі высокай ступені абрусення.
nn.by