Напярэдадні паездкі ў Мінск Пётр Парашэнка абмеркаваў сустрэчу, што мае адбыцца, з Ангелай Меркель
Вечарам 25 жніўня, напярэдадні паездкі ў Беларусь, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка абмеркаваў мінскую сустрэчу, што мае адбыцца, у тэлефоннай гутарцы з канцлерам ФРГ Ангелай Меркель.
"Пётр Парашэнка праінфармаваў Ангелу Меркель аб пагаршэнні сітуацыі на Данбасе. Суразмоўцы асобна абмеркавалі рашэнне прэзідэнта аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнай рады. Бакі пагадзіліся, што гэта з'яўляецца крокам насустрач чаканням украінскай грамадзянскай супольнасці, а таксама шляхам да ўмацавання дэмакратычных інстытутаў Украіны", — паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны.
"Пётр Парашэнка і Ангела Меркель таксама абмяняліся меркаваннямі адносна шляхоў мірнага ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе напярэдадні мінскай сустрэчы ў фармаце Украіна — ЕС
— "Еўразійская тройка" і скаардынавалі далейшыя дзеянні па працягу міжнароднага дыялогу", — гаворыцца ў паведамленні.
Пётр Парашэнка першым з удзельнікаў саміту прыбыў сёння ў Мінск.
Услед за Парашэнкам, у 11.30, у Мінск прылятаюць вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гюхт. Паводле неафіцыйнай інфармацыі,
адразу пасля прылёту ў будынку пасольства Украіны ў Мінску пройдуць перамовы Парашэнкі з Эштан.
На мінулым тыдні ўкраінскі прэзідэнт заявіў, што едзе ў Мінск дамаўляцца пра мір і "закліча забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што гэта
атрымаецца", — сказаў ён. 23 жніўня Парашэнка, сустракаючыся ў Кіеве з Ангелай Меркель, заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас перамоў у
Мінску. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны
вынік", — сказаў Парашэнка.
БелаПАН