Прэзідэнт Украіны распусціў Вярхоўную Раду
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка распусціў Вярхоўную Раду. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

«Я вырашыў датэрмінова спыніць паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады сёмага склікання. Выбары новага парламенту адбудуцца 26 кастрычніка 2014 года. Гэтае рашэнне я прыняў у строгай адпаведнасці з артыкулам 90 Канстытуцыі Украіны», — адзначыў Парашэнка.
Пятро Парашэнка заявіў, што 80 працэнтаў украінцаў падтрымліваюць перавыбары.
«Выбары — найлепшы спосаб люстрацыі. І пачынаць ачышчэнне варта з найвышэйшага заканадаўчага органа. Цяперашні склад Вярхоўнай Рады паўтара гады быў апорай Януковіча. І большасць менавіта гэтых дэпутатаў прымала дыктатарскія законы, якія забралі жыцці Нябеснай Сотні. За гэта трэба несці адказнасць — і крымінальную, і палітычную. Многія дэпутаты, што засядаюць або лічацца ў Радзе, калі не прамыя спонсары і саўдзельнікі, дык прыхільнікі баявікоў-сепаратыстаў. Нават на абвяшчэнне мабілізацыі і патрабаванне прызнаць „ДНР“ і „ЛНР“ тэрарыстычнымі арганізацыямі ледзь наскрэблі 232 галасы».
Паводле прэзідэнта Украіны, парламенцкія выбары — гэта частка яго мірнага плану:
«Ключавы яго элемент — палітычны дыялог з Данбасам. З кім, прабачце, размаўляць? З незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі мець зносіны можна толькі з дапамогай сілы, пакуль яны не склалі зброі. Большасць тых, каго выбарцы абралі на парламенцкіх выбарах дванаццатага году, страцілі аўтарытэт і ўплыў на людзей».
24 чэрвеня ў парламенце абвясцілі пра распад кааліцыі. Роспуск урадавай кааліцыі і адсутнасць новай на працягу 30 дзён даюць прэзідэнту Украіны падставы для роспуску Вярхоўнай Рады і правядзення датэрміновых выбараў.