Палітыкі і дыпламаты свету падтрымалі Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
Абвешчаны 27 лістапада Святланай Ціханоўскай Дзень салідарнасці з палітвязнямі падтрымалі ў некалькіх дзясятках краін.
![Дэпутатка Еўрапарламента Мірыям Лексман. Фота: twitter.com/MiriamMLex Дэпутатка Еўрапарламента Мірыям Лексман. Фота: twitter.com/MiriamMLex](/img/v1/images/ffm4sdcxoaavelc.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дэпутатка Еўрапарламента Мірыям Лексман. Фота: twitter.com/MiriamMLex
Як паведаміў дарадца палітыка Франак Вячорка, да акцыі далучыліся прэзідэнты Эстоніі, Славакіі і Польшчы, прэм'ер-міністр Славеніі, міністры замежных спраў Аўстрыі, Ірландыі, Даніі, Літвы, Латвіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі, мэр Будапешта, дзяржсакратар ЗША, дэпутаты Еўрапарламента, Германіі, Швецыі і Францыі, Ірландыі і Канады. У падтрымку беларускіх палітвязняў зрабіў заяву і фонд BMW, піша REFORM.by.
У гэты дзень беларускія дыяспары падпісвалі паштоўкі палітвязням. У акцыі таксама прынялі ўдзел дыпламаты.
«У гэты дзень салідарнасці я разам з viasna96 і іншымі дыпламатамі адправіла лісты некаторым з больш чым 880 палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў турмах Беларусі. Мы памятаем іх, мы падтрымліваем іх, мы заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення», — напісала ў Twitter спецпасланнік ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.
«Каля 900 грамадзян Беларусі заключаны Лукашэнкам у турму толькі за тое, што яны хацелі, каб іх краіна была свабоднай і дэмакратычнай. Польшча хоча такую ж Беларусь, як і яны. Выказваю салідарнасць з усімі ахвярамі дыктатуры Лукашэнкі», — напісаў у Twitter прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
![facebook.com/viachorka facebook.com/viachorka](/img/v1/images/262214986_10158772469852169_6013594162566358601_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
facebook.com/viachorka
У Варшаве Палац культуры і навукі падсвяцілі ў колер бел-чырвона-белага сцяга.
«Дзень салідарнасці з палітвязнямі. Іх амаль тысяча. Францыя і Еўрапейскі саюз з імі заўсёды. Як сказала Святлана Ціханоўская, “наша барацьба за свабоду — яна і ваша таксама”», — гаворыцца ў паведамленні дзяржсакратара па еўрапейскіх справах пры МЗС Францыі Клемана Боне.
«Рэжым у Мінску выкарыстаў мігрантаў як выклік нашай бяспекі і спосаб адцягнуць увагу, пакуль парушэнні правоў чалавека і расправы з крытыкамі рэжыму Лукашэнкі ўзмацніліся», — заявілі ў Еўрапейскай службе замежных сувязяў.
«Наша пазіцыя ясная: мы заклікаем рэжым Лукашэнкі пакласці канец рэпрэсіям супраць чальцоў грамадзянскай супольнасці і іншых грамадзян; неадкладна вызваліць амаль 900 палітычных зняволеных у Беларусі і правесці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным наглядам», — напісаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.