Праўладны «супермітынг» у Мінску могуць адмяніць

Праўладны нядзельны «супермітынг», на які ў Мінск мелі намер звазіць цягнікамі і аўтобусамі людзей з усёй краіны, можа не адбыцца.

Ілюстрацыйнае фота. Мітынг у падтрымку Лукашэнкі 16 жніўня

Ілюстрацыйнае фота. Мітынг у падтрымку Лукашэнкі 16 жніўня

Бюджэтнікі і працаўнікі прадпрыемстваў паведамляюць, што ім кажуць, што мерапрыемствы на гэтыя выхадныя ў сталіцы адмяняюцца. TUT.BY атрымаў дзясяткі паведамленняў пра адмену мітынгаў — як у нядзелю, так і ў суботу. Сярод прычын — масавая адмова людзей ад падобных паездак і распаўсюджванне каронавіруса.
Работнікі, якія павінны былі мантаваць сцэну на плошчы Незалежнасці, паведамілі, што ім далі адбой і сказалі, што ў суботу ў нядзелю ў іх выходныя.
«У адным з раённых цэнтраў Мінскай вобласці райвыканкам адмяніў заяўку на аўтобусы на нядзелю», — паведаміў чытач. Яшчэ адзін распавёў, што «Бярэзінскі райвыканкам 20 хвілін таму даў інфармацыю, што праўладны мітынг адмяняецца ў сувязі з пандэміяй».
«Толькі што начальнік напісала, што ў нядзелю ісці нікуды не трэба. Без тлумачэння прычын», — паведаміў чытач з Мінска.
Пра адмену таксама паведамілі працаўнікі «Мінгаз».
На адным з мінскіх прадпрыемстваў паведамілі, што мітынг каля стэлы перанесены на няпэўны час.
У Федэрацыі прафсаюзаў, якая разам з іншымі арганізацыямі выступала заяўнікам на правядзенне праўладных мітынгаў, пакуль не каментуюць сітуацыю.
 На дадзены момант не ведаю, ці адмянілася мерапрыемства. Асабіста нам такога адбою не паступала. Але ўсё можа быць, таму што розныя былі чуткі, размовы, але на дадзены момант інфармацыі няма, бліжэй да 12 будзем ведаць, — распавялі TUT.BY у «Белай Русі».
У Саюзе жанчын не змаглі ўдакладніць, ці будуць праводзіцца мітынгі ў гэтыя выходныя.
tut.by