Пуцінскі рэжым выставіў рахунак Польшчы за «аднаўленне пасля вайны» і кажа пра вяртанне Беластока

Старшыня Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін заявіў, што СССР выдаткаваў на аднаўленне і развіццё Польшчы ў пасляваенны час больш за 750 млрд долараў.

Матэвуш Маравецкі. Фота: «Reuters»

Матэвуш Маравецкі. Фота: «Reuters»

Пуцінскі палітык заклікаў Варшаву кампенсаваць гэтыя выдаткі.
«Патрабаванні да Польшчы аб кампенсацыі Расіі сродкаў, выдаткаваных СССР на аднаўленне краіны пасля Другой сусветнай вайны, — тыповая прапаганда», — адказаў на гэта прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.
«Савецкі Саюз, папярэднік Расіі, нясе адказнасць за вялізныя матэрыяльныя разбурэнні ў Польшчы. Гэта таксама тыповая (раней я б сказаў — савецкая, цяпер можна сказаць — расійская) прапаганда», — выказаўся Маравецкі.
Прэм'ер-міністр Польшчы таксама дадаў, што Расія павінна заплаціць вялікую кампенсацыю Украіне за развязаную вайну.
Напярэдадні, 21 траўня, старшыня Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін паведаміў, што СССР выдаткаваў на аднаўленне і развіццё Польшчы ў пасляваенны час больш за 750 млрд долараў, пабудаваўшы звыш 800 аб'ектаў прамысловасці, энергетыкі, транспарту.
Пры гэтым, паводле яго слоў, Варшава «дзейнічае подла», зносячы савецкія помнікі, закрываючы рускія школы і «крадучы расійскую ўласнасць».
«Адмовіўшыся ад агульнай гісторыі, зняважыўшы ў памяці нашых салдат і афіцэраў, Польшча павінна вярнуць набытыя па выніках Другой сусветнай вайны тэрыторыі і пакрыць нашай краіне сродкі, выдаткаваныя на яе ў ваенныя і пасляваенныя гады», — заявіў Валодзін.
Такім чынам ён кажа пра Беласток?
Валодзін таксама прапанаваў забараніць праезд польскіх фур па тэрыторыі Расіі.