Расійскі палітык: У Пуціна і Лукашэнкі — «шлюб па залёце»

Расійскі палітык Генадзь Гудкоў лічыць, што радасці ад падпісання саюзных праграм няма, таму што ўсе ведаюць, што гэта саюз двух дыктатараў дзеля ўтрымання ўлады.

eg0kwd8xsaacpnn.jpg


Пра гэта Генадзь Гудкоў заявіў у эфіры ютуб-канала «Маланка медыя», піша «Брэсцкая газета». Гудкоў адзначыў, што не лічыць падпісаныя дарожныя карты інтэграцыі, і ўвогуле саюз Беларусі і Расіі трывалым і даўгавечным, чым і тлумачыць таямнічасць, якой быў ахутаны ўвесь працэс, уключаючы змест саюзных праграм.

«Што яны маглі раскрыць — хто што за што прадаў, хто што выгандляваў? Бо калі ўзяць па правілах, калі аб’ядноўваюцца дзве краіны, што павінны рабіць народы? Радавацца, радавацца! Ствараецца нейкі магутны саюз, які будзе яшчэ мацней, жыць стане яшчэ прасцей, умоў для развіцця з’явіцца больш, зэканомім на мяжы, на мытні, зробім агульныя ваенныя сілы, агульныя структуры і гэтак далей. Любое аб’яднанне краін дае плюс. Чаму ЕС аб’ядноўваецца? Таму што гэта плюс. Яны зэканомілі шмат грошай на размежаванні мяжы і іншае», — лічыць палітык.

Ён адзначае, што народы Беларусі і Расіі не радуюцца. Народы пытаюцца: а што нам за гэта будзе, чым гэта ўсё абернецца, наколькі ўсё гэта страшна, як надоўга. Радасці няма ніякай, таму што ўсе разумеюць, што гэта саюз двух дыктатараў дзеля ўтрымання палітычнай улады. Гэта нетрывалае аб’яднанне, гэта не ЕС.

«Ім (Лукашэнку і Пуціну) няма куды падзецца, у іх “шлюб па залёце” — Лукашэнка заляцеў па поўнай праграме, Пуцін гэтым скарыстаўся. Гэта вымушаны саюз, яны вымушаныя ісці насустрач адзін аднаму і заключаць нейкія саюзы. Зразумела, што супраць народаў, супраць правілаў, супраць усіх міжнародных абавязацельстваў», — адзначае Гудкоў.

Ён упэўнены, што ўсе гэтыя пагадненні пражывуць роўна столькі, колькі пражыве саюз Лукашэнкі і Пуціна. Як толькі каго-небудзь аднаго не будзе, усё гэта рухне, як картачны домік. Саюз паміж Расіяй і Беларуссю ў той форме, у якой ён заключаны, вельмі часовы і вельмі кароткі.