У ФРГ прыгразілі Расіі наступствамі за падтрымку нелегальнай міграцыі праз Беларусь

Знешнепалітычны эксперт германскай партыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС) Норберт Ротген выступіў са сцвярджэннем, што ў дачыненні да ўладаў Беларусі павінны быць уведзеныя больш жорсткія санкцыі, і прыгразіў наступствамі Маскве ў выпадку падтрымкі дзеянняў Мінска.

2021_11_09_14_41_37.png


Сваю пазіцыю ён выклаў у апублікаваным у аўторак інтэрв'ю медыягрупе Funke, паведамляе АФН са спасылкай на ТАСС.

Палітык мяркуе, што супраць Лукашэнкі трэба ўвесці дадатковыя санкцыі, каб «пазбавіць эканамічнай базы». «Адначасова ЕС павінен ясна даць зразумець Пуціну, што стасункі з Расіяй пагоршацца, калі ён будзе мірыцца ці нават падтрымае іх [улады Беларусі]», — заявіў Ротген, які лічыцца патэнцыйным пераемнікам Арміна Лашэта на пасадзе старшыні ХДС.

Калі авіякампаніі, якія перавозяць бежанцаў у Беларусь, не спыняць рэйсы, «тады ў дачыненні да дзяржаў, з якіх прыбываюць мігранты і якія атрымліваюць фінансавую дапамогу з ЕС, трэба прыняць меры», мяркуе ён. Са слоў палітыка, авіякампаніі, якія ўдзельнічаюць у «гандлі людзьмі», нібыта арганізаванай беларускімі ўладамі, павінны атрымаць забарону на працу на ўсёй тэрыторыі Еўрасаюза.

Ён таксама сказаў, што ЕС не варта паддавацца на ціск з боку Мінска. «Менавіта гэтага ён [Лукашэнка] і дамагаецца, выкарыстоўваючы ўцекачоў у якасці інструмента, наўмысна накіроўваючы на польска-беларускую мяжу», — сцвярджае Ротген.

Паводле яго пераканання, гэта не што іншае як «гандаль людзьмі, санкцыянаваны дзяржавай». «Лукашэнка хоча пакараць грамадзян Еўропы за іх салідарнасць з беларусамі і такім чынам прымусіць ЕС адмовіцца ад санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, аднак павінна адбыцца адваротнае», — мяркуе Ротген.