Рэйдарства ці пачатак прэзідэнцкай кампаніі?
Улады пачынаюць дзейнічаюць паводле спрагназаванага сцэнару. Але наўрад ці наезд на калегаў спыніць распаўсюд непадцэнзурнай інфармацыі
ўвогуле. Інтэрнэт ужо не закрыеш.
Заўсёды з вялікім задавальненнем назіраў, як працуе карэспандэнтка БелаПАН Таня Каравянкова. Многія фігуранты інтэрв’ю купляліся на яе невялічкі рост і шчырыя вочы «наіўнай дзяўчынкі». І моцна памыляліся, трапіўшы ў пастку «ваўка ад журналістыкі», якому даць адказ нейкімі агульнымі словамі ці сысці ад адказу проста немагчыма. Калі яна ўжо ўчэпіцца ў чалавека, адарвацца магла толькі пасля атрымання адэкватнага і ўцямнага адказу на пытанні.
І гэтага чалавека — выключнага прафесіянала — БелТА абвінаваціла ў несанкцыянаваным доступе ды крадзяжы інфармацыі?
На гэтым тыдні прайшлі ператрусы ў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і ТАА «Тутбай Медыя». Афіцыйнай падставай стала крымінальная справа па частцы 2 артыкула 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды). Падставай для справы стаў зварот кіраўніцтва дзяржаўнага агенцтва БелТА аб збоях пры доступе да платнай падпіскі паслуг, якія падаваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.
Як паведаміў СК, да супрацьпраўнай дзейнасці, паводле іх меркавання, датычныя службовыя асобы выдавецкага дома «Беларуская навука», ЗАТ «БелаПАН», ТАА «Тутбай Медыя». Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова.
Канешне, красці інфармацыю — кепска. Але ў мяне, як у чалавека, які 10 гадоў сам адпрацаваў у БелаПАН, вельмі вялікія сумневы наконт таго, што гэтая кампанія ўвогуле мела патрэбу ў «несанкцыянаваным доступе» да БелТА. Аўдыторыя ў гэтых інфармацыйных рэсурсаў даволі розная. Падпісчыкам БелаПАН наўрад ці цікава, колькі тон зерня намалацілі беларускія хлебаробы, альбо дзе Аляксандр Рыгоравіч адкрывае чарговы дзіцячы садок.
Не, Аляксандр Рыгоравіч — гэта, канешне, важна. Але сама БелТА выключна перадае паведамленні прэс-службы Лукашэнкі, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе. Таму і красці нічога не трэба. А што можа яшчэ зацікавіць журналістаў БелаПАН у працы БелТА, я нават і не ўяўляю.
Можа быць, «цікаўнасць згубіла котку», і журналісты лазілі пад чужым лагінам на сайт БелТА, каб паглядзець, як справы ў калегаў. Але ў такім выпадку казаць пра «прычыненне істотнай шкоды» і не выпадае.
Прычынаў «наезду» на буйнейшыя недзяржаўныя беларускія інфармацыйныя рэсурсы можа быць некалькі. Першая — меркантыльная. Следчыя ўзяліся за наўпроставых канкурэнтаў афіцыйнага навінавага агенцтва. Падаецца, нехта ўставіў БелТА ўтык за тое, што «галоўнае інфармацыйнае агенцтва краіны» з яго магутнай дзяржаўнай фінансавай і рэсурсавай падтрымкай пляцецца ў хвасце рэйтынгу навінавых рэсурсаў. Напрыклад, паводле дадзеных SimilarWeb за сакавік 2018 года, старонкі Tut.by праглядзелі 114,5 мільёна разоў, а старонкі БелТА — толькі 4 мільёны з хвосцікам. Інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by набрала тры з паловай мільёны праглядаў (без уліку асноўнага сайту belapan.by).
На адной з вялікіх прэс-канферэнцый, згадваючы БелаПАН, Аляксандр Лукашэнка прамовіў: «Не самае кепскае агенцтва». Увесь калектыў гэтага «не самага кепскага» потым ламаў галовы: а хто ж тады «самы кепскі»? Бо ў Беларусі афіцыйна толькі тры навінавыя кампаніі: БелаПАН, БелТА і расійскі «Інтэрфакс».
Недзяржаўныя СМІ, маючы значна меншыя сродкі і рэсурсы, абмежаваныя ў доступе да афіцыйнай інфармацыі і да «целаў» вышэйшых чыноўнікаў, усё роўна абыходзяць па папулярнасці дзяржаўнае агенцтва. Мажліва, замест таго, каб лепш працаваць, з канкурэнтамі вырашана было разабрацца з дапамогай Следчага камітэту — у лепшых традыцыях рэйдарства. І адначасова запляміць: маўляў, яны такія паспяховыя, бо крадуць інфармацыю ў нас.
Другая прычына — безумоўна, палітычная. Зноў звярнуся да красавіцкага артыкула ў НЧ Міколы Дзядка «Прэзідэнцкія выбары: як гэта будзе». На першае месца сярод фігураў прэсінгу ён ставіў актывістаў, што мы і падкрэслілі ў № 27 за 20 ліпеня. На другім месцы былі незалежныя СМІ, аўдыторыя якіх «блізкая да аўдыторыі дзяржаўных тэлеканалаў, калі не перарасла яе, а гэта — простае і небяспечнае парушэнне манаполіі дзяржавы на інфармацыю». Ці не гэта мы бачым?
Чытайце таксама:
Прэзідэнцкія выбары: як гэта будзе
Улічваючы знакамітыя словы Ярмошынай пра тое, што нейкія выбары — парламенцкія ці прэзідэнцкія — могуць прайсці ў 2019 годзе, можна лічыць, што ўлады далі старт палітычнай кампаніі. Пытанне толькі, якой.
«Падвесіць» крымінальную справу ў дачыненні да БелаПАН і «Тутбай Медыя» — прасцей простага. Яе можна спыняць, узнаўляць, адкрываць і зноў закрываць, падаўжаць тэрміны расследавання — амаль бясконца. І ўвесь гэты час журналісты будуць «пад каўпаком».
Канешне, ведаючы калег з БелаПАН, наўрад ці заведзеная на іх крымінальная справа спыніць ці замарудзіць іх працу. Хутчэй, яны больш раззлуюцца, і стануць рабіць яе з большым імпэтам.
І наўрад ці наезд на калегаў спыніць распаўсюд непадцэнзурнай інфармацыі ўвогуле. Інтэрнэт ужо не закрыеш.