Rzeczpospolita: Крэмль адчыняе дзверы для апазіцыі Беларусі
Чыноўнікам і палітыкам у Маскве афіцыйна забаронена сустракацца з беларускімі апазіцыянерамі, але пэўныя зносіны паміж імі ўсё ж адбываецца.
Людзі, блізкія да Святланы Ціханоўскай рэгулярна ездзяць у сталіцу Расіі. Цяпер у Маскве знаходзіцца група з некалькіх чалавек, якія прадстаўляюць Каардынацыйную раду, створаную для арганізацыі пераходу ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да новай дэмакратычнай улады.
«Яны будуць сустракацца з расійскімі СМІ, экспертамі і прадстаўнікамі мясцовых аналітычных цэнтраў у тым ліку тых, якія блізка звязаны з Крамлём. Гэта не першы такі візіт. Яны адбываюцца рэгулярна», — сказаў Rzeczpospolita добра інфармаваны суразмоўца.
Выданне піша, што галоўная суперніца Лукашэнкі на выбарах, якія прайшлі 9 жніўня, да гэтага часу не мела ніякіх кантактаў з прадстаўнікамі ўладаў Расіі. Расійскім палітыкам і дэпутатам Дзярждумы забаронена кантактаваць з Ціханоўскай ці яе блізкім асяроддзем.
«У іх ёсць неафіцыйная забарона, выдадзеная зверху», — паведаміла выданню крыніца.
Вядомы расійскі палітолаг і кіраўнік звязанага з Крамлём «Цэнтра палітычнай інфармацыі» Аляксей Мухін прызнаў у размове з Rzeczpospolita, што ўдзельнічаў у некалькіх «падзеях» з удзелам прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў Маскве. А таксама сустракаўся з імі на дзяржаўных тэлеканалах.
«У нас нядаўна была дыскусія на “Першым канале”, падчас якой выступаў Павел Латушка (былы дыпламат і экс-міністр культуры Беларусі). Чаму Расія павінна ігнараваць гэтых людзей? Яны — грамадзяне Беларусі і маюць права ўдзельнічаць у канстытуцыйных працэсах сваёй краіны. Афіцыйна прадстаўнікі ўлады не кантактуюць з беларускай апазіцыяй. Але гэта не значыць, што Расія закрывае перад імі дзверы», — сказаў Мухін.
Па яго словах, у Маскве добра разумеюць, якія настроі распаўсюджаныя сярод беларусаў.
«Лукашэнка, марудзячы з змяненнем Канстытуцыі, правакуе радыкалізацыю пратэстаў», — дадаў ён.
У аўторак расійскі Савет па міжнародных справах РФ апублікаваў новае даследаванне, з якога вынікае, што большасць удзельнікаў пратэстаў у Беларусі (не менш за 70%) добра ставяцца да Расіі. А палова жыхароў беларускіх гарадоў сцвярджаюць, што былі расчараваныя, калі Уладзімір Пуцін прызнаў «перамогу» Лукашэнкі на выбарах. Кожны пяты апытаны лічыць, што Расія павінна падтрымаць пратэсты, а больш за 60% беларусаў лічаць, што Масква ўвогуле не павінна падтрымліваць ні адзін з бакоў.
Таксама даследаванне паказала, што былы кіраўнік расійскага «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка, якога афіцыйны Мінск не дапусціў да выбараў, — самы папулярны палітык у Беларусі.
«Тэарэтычна такая фігура, якую разумее расійскі палітычны клас, была б прымальная для Крамля. Гэта адна з прычын, чаму Лукашэнка не хоча выпускаць Бабарыку з турмы», — піша на старонках Савета па міжнародных справах Расіі Рыгор Астапеня.
Гэтае даследаванне ён правёў для брытанскага цэнтра Chatham House. Але яго праца трапіла на сайт аднаго з самых уплывовых інстытутаў у Расіі. Як так здарылася? Асабліва гэта выклікае здзіўленне, калі звярнуць увагу на тое, што ў склад прэзідыума Савета па замежных справах РФ уваходзяць прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў і намеснік міністра замежных спраў Ігар Маргулаў. У наглядальным савеце арганізацыі таксама — кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
«Я асабіста звярнуўся ў Савет замежных спраў РФ з прапановай апублікаваць артыкул на тэму маіх новых даследаванняў. Яны пагадзіліся», — сказаў польскаму выданню Астапеня.
На яго думку, гэта даказвае, што за ўсходняй мяжой Беларусі таксама ёсць разуменне, што беларускае грамадства змянілася. І што варта хоць бы на ўзроўні экспертаў выслухаць розныя галасы з Беларусі.
Паводле УНІАН, пераклад НЧ