Сацыял-дэмакраты просяць еўрапейскіх палітыкаў дапамагчы вызваліць Статкевіча

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) звяртаецца да еўрапейских палітыкаў з заклікам прадэманставаць салідарнасць сусветнай і еўрапейскай сацыял-дэмакратыі з Мікалаем Статкевічам.



statkieviczsudbm.jpg

"З калоніі № 17 у Шклове прыйшла трывожная вестка пра тое, што адміністрацыя гэтай установы узмацніла ціск на палітычнага вязня Мікалая Статкевіча. Ёсць намер праз судовую працэдуру перавесці яго з калоніі ў турму.
Не выклікае сумнення, што ўсе гэтыя меры накіраваныя на тое, каб змусіць Мікалая Статкевіча напісаць прашэнне аб памілаванні і такім чынам прызнаць сябе вінаватым", — гаворыцца ў заяве прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выказвае салідарнасць з палітзняволеным Мікалаем Статкевічам і патрабуе спыніць адміністрацыйны ціск у дачыненні да яго.

Сацыял-дэмакраты выказваюцца за тое, каб да палітвязня Мікалая Статкевіча былі дапушчаныя праваабаронцы і прадстаўнікі міжурадавых устаноў, у прыватнасці Прадстаўніцтва ААН у Беларусі, а таксама дыпламатычных місій краін Еўрапейскага Саюза.

Сацыял-дэмакраты заклікаюць ўсе левыя і дэмакратычныя партыі і групы Беларусі выступіць у абарону Мікалая Статкевіча.

Таксама сацдэкі звяртаюцца да Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу, да Партыі еўрапейскіх сацыялістаў, да Групы сацыялістаў і дэмакратаў у Еўрапейскім парламенце і асабіста да старшыні Еўрапарламента Марціна Шульца з заклікам прадэманставаць салідарнасць сусветнай і еўрапейскай сацыял-дэмакратыі з Мікалаем Статкевічам.