Жонка Рубцова: Муж са звычайнай галадоўкі можа перайсці на сухую

Што вядома пра стан галадоўніка і ягоную крымінальную справу? Навінамі пра Юрыя Рубцова з карэспандэнтам "http://www.svaboda.org/content/article/26967830.html">Радыё Свабода падзялілася ягоная жонка Ядвіга Рубцова.



Юры Рубцоў. Архіўнае фота.


«Днямі там яго наведала адвакат. Яны вывучалі крымінальную справу, якую супраць яго завялі нібыта за ўхіленне ад адбыцця „хіміі“. Адвакат сказала, што суд пэўна будзе, але калі дакладна, яшчэ невядома. Муж па-ранейшаму трымае галадоўку і нават не выключае, што пяройдзе на „сухую“, калі пераслед не спыняць. Баюся пра гэта нават думаць, сама ўжо не магу ні есці, ні спаць, але ён такі, не саступае».

Юрый Рубцоў пачаў галадоўку 6 красавіка, калі яго са спецкамендатуры ў вёсцы Куплін прывезлі ў Пружанскі райаддзел міліцыі, дзе змясцілі ў адзіночную камеру і паведамілі пра завядзення супраць яго крымінальнай справы паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбыцця «хіміі». Рубцоў не прызнае сябе вінаватым. Ён кажа, што не ўхіляўся ад працы, але не пагаджаўся на працу за мізэрны заробак і патрабаваў аплаты на ўзроўні сярэдняга заробку па краіне.

Некалькі дзён таму Юрыя Рубцова з Пружанаў перавезлі ў следчы ізалятар у Баранавічах. Пра ўмовы, ў якіх цяпер трымаюць Юрыя Рубцова, жонка палітвязня кажа, што «яны звычайныя». «Адвакат паведаміў, што адмыслова папярэдзіў адміністрацыю ізалятара пра тое, што паводле закону яны адказныя за стан здароўя Юрыя і мусяць пры пагаршэнні сітуацыі выклікаць да яго дактароў», — распавяла Ядвіга Рубцова.

Як цяпер пачуваецца галадоўнік?

Паводле звестак ад адваката, Юры Рубцоў пакуль асабліва не скардзіцца на здароўе, але жонка палітвязня мяркуе, што насамрэч яму становіцца ўсё горш. Ядвіга Рубцова нагадала, што ўвесну 2014 году Юры Рубцоў ужо галадаваў 25 сутак, на якія суддзя Савецкага райсуду Менска Кірыл Палулех асудзіў яго да адміністрацыйнага арышту пасля Чарнобыльскага шляху. «Як выйшаў, дык выглядаў вельмі дрэнна і здароўе было дрэннае. Цяпер, відаць, будзе тое самае. Ня ведаю, як яму дапамагчы. Спаткання не дазваляюць, лісты ад яго не даходзяць. Тэлефанаваць не даюць», — кажа Ядвіга Рубцова.

Грамадскі актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў у канцы 2014 году быў асуджаны да 1,5 гадоў «хіміі» паводле абвінавачання ў знявазе суддзі Кірыла Палулеха, які пагадзіўся судзіць яго ў напалову распранутым выглядзе. Напярэдадні міліцыянт адабралі ў Рубцова майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь!» і прывезлі ў суд напалову аголенага.

На «хіміі» Юры Рубцоў зрабіў сабе тату з тым жа надпісам «Лукашэнка сыходзь». У апошняй перад арыштам тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды «хімік» Рубцоў не выключаў, што гэтае тату стала «апошняй кропляй», пасля якой на яго завялі новую крымінальную справу. Цяпер Юрыю Рубцову пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: