Святлана Ціханоўская прыйшла падтрымаць сям'ю палітвязня Фурманава, якая галадае каля СІЗА

Кандыдат на пасаду прэзідэнта Святлана Ціханоўская ў панядзелак прыйшла падтрымаць сям'ю члена сваёй ініцыятыўнай групы, затрыманага і прызнанага праваабаронцамі палітвязнем Дзмітрыя Фурманава. У нядзелю, 26 ліпеня, сваякі Фурманава распачалі галадоўку ля СІЗА № 1 на Валадарскага.

golodovka_volodarka_20200727_001_zam_20200727132958_fo2a5179.jpg

Бацькі затрыманага і яго нявеста запісалі відэазварот, дзе распавялі аб планаванай акцыі пратэсту. Галадаюць нявеста Вольга Каракіна і мама Дзмітрыя: бацьку-інваліду гэтага рабіць нельга па медыцынскіх прычынах.
Бацька, Аляксандр Фурманаў, распавядаў, што пра сваю акцыю яны апавясцілі старшыню Гродзенскага аблвыканкама, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, кіраўніка Савета Рэспублікі, міністра ўнутраных спраў, старшыню Следчага камітэта, генпракурора, кіраўніка Вярхоўнага суда, а таксама прадстаўнікоў ЕС і ААН у Беларусі.
Каардынатара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці Дзмітрыя Фурманава затрымалі ў Гродна разам з Сяргеем Ціханоўскім 29 траўня падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Ён збіраў подпісы за свайго кандыдата, і «забралі» яго разам з крэслам і сталом.
Сям'я патрабуе неадкладна вызваліць Дзмітрыя Фурманава і іншых палітвязняў, якія знаходзяцца ў СІЗА-1, і спыніць супраць іх крымінальную справу.
Дзмітрыю Фурманаву прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаны з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады) КК.
Amnesty International назвала Фурманава вязнем сумлення.


Паводле tut.by, фота Вадзіма Заміроўскага