Святлана Ціханоўская сустрэнецца з Лехам Валенсам
Дэмакратычная лідарка Беларусі днямі наведае Гданьскую судаверф і сустрэнецца з Лехам Валенсам, паведаміў «Позірку» яе старшы дарадца Франак Вячорка.
Паводле слоў Вячоркі, практычных палітычных мэтаў у сустрэчы няма, але гэта жэст узаемнай салідарнасці, павагі і нагода падзякаваць Валенсу ў тым ліку за падтрымку Беларусі і дэмакратычных зменаў.
«Сустрэча важная, таму што адбудзецца напярэдадні цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міра, сярод лаўрэатаў якой сёлета беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі», — дадаў Вячорка.
Ён нагадаў, што ў 1980 годзе Валенса стварыў на верфі прафсаюз «Салідарнасць», а ў 1983-м атрымаў Нобелеўскую прэмію міра.
Вечарам 8 снежня ў Варшаве Ціханоўская сустрэнецца з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.
Нагадаем, што ў свой час Лех Валенса, уганараваны Нобелеўскай прэміяй, таксама не здолеў яе атрымаць праз перашкоды камуністычных уладаў Польшчы. Цяпер у той жа сітуацыі знаходзіцца Алесь Бяляцкі.