Што значыць «асаблівы статус» новага пасла Расіі?
Прызначаны паслом Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч атрымаў асаблівы статус спецпрадстаўніка прэзідэнта па развіцці гандлёва-эканамічных адносін.
![zavtra.ru zavtra.ru](/img/v1/images/pic_7459379e.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
zavtra.ru
«Гэта асаблівы статус, гэта асаблівы пасол у асаблівай для нас краіне», — удакладніў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
Як патлумачыла крыніца РБК ў МЗС, сумяшчэнне пасад дасць Бабічу больш рычагоў уплыву. Так, акрамя выканання дыпламатычнай працы, ён зможа ставіць задачы органам выканаўчай улады Расіі, а таксама збіраць нарады з удзелам чыноўнікаў ўрада.
Да гэтага пасады пасла і спецпрадстаўніка прэзідэнта па развіцці гандлёва-эканамічных адносін сумяшчалі Віктар Чарнамырдзін і Міхаіл Зурабаў — былыя паслы Расіі ва Украіне.
Надзяленне амбасадара Расіі ў Беларусі новымі паўнамоцтвамі можа стварыць дадатковыя праблемы ў двухбаковых дачыненнях, лічыць палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.
«Калі новы амбасадар пачне жорстка адстойваць пазіцыю Масквы, то ён можа стаць дадатковым чыннікам канфліктагеннасці ў двухбаковых адносінах», — піша ён.
У той жа час, на думку Карбалевіча, «наместник» з Міхаіла Бабіча наўрад ці атрымаецца.