У Еўрапарламенце 27 чэрвеня абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі

27 чэрвеня ў сценах Еўрапарламенту ў Брусэлі адбудуцца слуханні групы дэпутатаў Эўрапейскай народнай партыі «Беларускае грамадства: да сучаснай палітычнай і нацыянальнай ідэнтычнасці?».

Еўрапарламент, фота ©Shutterstock

Еўрапарламент, фота ©Shutterstock

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на сустаршыню аргкамітэту па стварэнні «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Віталя Рымашэўскага.
Мяркуецца, што ў слуханнях возьмуць удзел лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, лідэр праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
«Слуханні па Беларусі — гэта важная падзея, у тым ліку ў святле падрыхтоўкі да правядзення чарговай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая адбудзецца 5–9 ліпеня ў Мінску. Яна таксама важная ў плане фармавання пасланьня Еўрапейскай народнай партыі, з якім ЭНП выступіць на гэтай сэсіі, паколькі шмат дэпутатаў ад гэтай партыі будуць у сталіцы Беларусі», — заявіў Рымашэўскі.
Ён таксама адзначыў, што ўжо ёсць дамоўленасць пра выступ прадстаўнікоў беларускай апазіцыі на сустрэчы дэпутатаў ад ЭНП у Менску.
Эўрапейская народная партыя — правацэнтрысцкая агульнаэўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. Уключае ў сябе хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі краін Еўропы. Яна прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Еўразвязу, а таксама ў Радзе Еўропы.
Плануецца, што ў ліпеньскай сесіі ПА АБСЕ ў Мінску возьмуць удзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.
Паводле svaboda.org