Удзельнікі форума «Палітвязні Беларусі» запатрабавалі спыніць пераслед абаронцаў Курапатаў
Паседжанне форума адбылося ў пятніцу, 10 сакавіка.
Па выніках форума была прынята наступная заява:
«9-10 сакавіка 2017 г на вачах жыхароў Беларусі ў прамым эфіры, ў самым цэнтры Еўропы, у сталіцы Рэспублікі Беларусь горадзе Мінску невядомыя людзі зладзілі паляванне на лідара Маладога Фронта Змітра Дашкевіча. Тысячы грамадзянаў Беларусі назіралі, як асобы ў цывільным вялі пераслед, траўлю Змітра Дашкевіча, як, група людзей, бандыцкага выгляду, накінулася на маладзена , збіла,скруціла , закінула ў аўтобус белага колеру і з’ехала ў невядомым накірунку. Трэба адзначыць, што напярэдадні 7 сакавіка 2017 у пад'ездзе свайго дома невядомымі асобамі ў цывільным гвалтоўна быў затрыманы абаронца Курапатаў Сяргей Пальчэўскі.
Вызначылася, што ў абодвух выпадках на актывістаў МФ палявалі супрацоўнікі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь. І увесь гэты гвалт у дачыненні да абаронцаў Курапатаў, бязмежжа былі здейснены дзеля затрымання і дастаўкі ў суд Змітр Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага за пратэст супраць незаконнага будуаўніцтва бізнес-цэнтра на тэрыторыі ахоўных зонаў мемарыяла Курапаты. Няўжо нельга было проста даслаць позву ў суд?
Фактычна супрацоўнікі праваахоўных органаў падчас палявання на грамадзян Рэспублікі Беларусь Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага прадстаўлялі сабой арганізаваную злачынную групоку, якая тэрарызавала жыхароў Беларусі. Мы, удзельнікі форума “Свабоду палітвязням Беларусі” выказваем пратэст супраць узаконенага дзяржбандытызму і патрабуем прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія арганізавалі цкаванне, паляванне на Сяргея Пальчэўскага і Змітра Дашкевіча. Мы патрабуем адстаўкі міністра ўнутраных спраў Шуневіча І.А., бо дзеянні супрацоўнікаў яго міністэрства сведчаць, што ён не ў стане стварыць эфектыўнае праваахоўнае ведамства, якое б бараніла грамадзян нашай краіны ад злачынцаў.
Мы лічым, што бандыцкія затрыманні і судовае беззаконне ў дачыненні да абаронцаў Курапатаў — помста за актыўную абарону нацыянальнага некропалю.
Мы патрабуем неадкладна вызваліць Змітра Дашкевіча, бацьку дваіх дзяцей, і спыніць пераслед усіх абаронцаў Курапатаў».
Пад зваротам падпісаліся каля двух дзясяткаў удзельнікаў форума, сярод іх — Міхаіл Пастухоў, Павал Севярынец, Ганна Шапуцька, Алена Талстая, Вольга Майорава, Кацярына Садоўская, Васіль Завадскі, Святлана Каваленка, Аляксей Туровіч, Ігар Леднік, Павал Пракаповіч, Віктар Мельнікаў, Дзяніс Садоўскі ды інш.
Паводле прэс-рэліза