Рэха Курапатаў: Пальчэўскага адпусцілі, Дашкевіча арыштавалі. Выніковы рэпартаж
Працягваецца
пераслед абаронцаў лагеру у Курапатах. Сёння пасля 3-сутачнага арышту выйшаў
«маладафронтавец» Сяргей Пальчэўскі, а Змітра Дашкевіча затрымалі ля свайго ж
дому.
Прыкладна пасля 12-й гадзіны стала вядома пра затрыманне лідара “Маладога Фронту” Зміцера Дашкевіча ў двары свайго дому. Людзі ў цывільным завалаклі актывіста ў белы бусік без нумароў ды звезлі ва “умоўна невядомым” накірунку. Знайшоўся Зміцер у РАУСе.
Кветкі, сцягі ды хлусня міліцыянта
А 16-й гадзіне меў скончыцца трохсуткавы тэрмін арышту для іншага актывіста – Сяргея Пальчэўскага. Сустрэць абаронца Курапатаў да сценаў ізалятара на Акрэсціна прыйшло больш за 40 чалавек. Людзі прынеслі кветкі, цукеркі ды бел-чырвона-белыя сцягі.
Прыкладна за гадзіну да часу вызвалення дзяжурны аб’явіў: “Пальчэўскага вызваляць а 16.15”. Словы міліцыянта аказаліся хлуснёй, бо Сяргея яшчэ а 15-й таемна вывезлі ў Першамайскі РАУС, адкуль і выпусцілі. Калі хлусня высветлілася, людзі пачалі скандаваць: “Ганьба!”
Калі мы знайшлі Сяргея, ён стаяў у двары свайго дому, куды дайшоў пешкі, з пакетам у руках: там былі асабістыя рэчы ды рэшткі перададзеных прадуктаў. З яго словаў, затрымлівалі яго людзі ў цывільным тры дні таму тут жа, у пад’ездзе, але ён паспеў крыкнуць маці, якая і звязалася з журналістамі. Калі Пальчэўскі даведаўся, што Дашкевіч затрыманы і трывае суд, ён вырашыў ехаць да паплечніка.
“Гэта вам не сталоўка!” “А што, суд?!”
Дашкевіч пасля затрымання апынуўся спачатку ў РАУСе, пасля — у судзе Савецкага раёну. Яму інкрымінавалі арганізацыю і удзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах” ды “дробнае хуліганства”. Апошні артыкул з годам адсеяўся.
Усё памяшканне, дзе праходзіў суд, было запоўнена актывістамі, сябрамі
Зміцера ды журналістамі. Тут жа прысутнічала жонка лідара МФ Наста Дашкевіч. У
калідоры чакалі супрацоўнікі МУС у цывільным ды па форме.
Неверагодна доўгай апынулася паўза перад прыняццём судовага рашэння: больш за дзве гадзіны. Як вядома, суд спыняе працу а 18-й, суддзя ж марудзіў з выракам ажно да 20.00. Гэтым часам людзі размаўлялі міжсобку, дзяліліся навінамі, нехта нават прынёс прадукты ды прапанаваў боршч Сяргею Пальчэўскаму. Сакратарка суда падняла лямант: “Гэта вам не сталоўка!”, але пачула годны адказ пад воплескі: “А што, суд?!”
Зміцер Дашкевіч у выніку атрымаў трое сутак арышту. Такім чынам, на волю ён мае выйсці а 12.00 у панядзелак. Сам працэс ды пераслед абаронцаў Курапатаў лідар МФ называе не інакш як “гібрыднай лібералізацыяй”.