«Вясна» заклікае спыніць пераслед

Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікаў улады спыніць пераслед грамадзян за рэалізацыю імі права на мірны пратэст і выказванне свайго меркавання. У сувязі з гэтым 11 сакавіка была прынята адмысловая заява.

pravy_czalaveka.jpg


«На працягу першай паловы сакавіка 2017 года ў шматлікіх гарадах краіны прайшлі масавыя пратэсты грамадзян супраць прымянення Дэкрэта прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, а таксама эканамічнай палітыкі ўрада, — гаворыцца ў заяве. — Асноўнымі патрабаваннямі пратэстоўцаў былі адмена Дэкрэта № 3, выкананне сацыяльных і эканамічных правоў і забеспячэнне належнага эканамічнага ўзроўню жыцця. Варта адзначыць, што ўсе гэтыя пратэсты мелі выключна мірны характар і не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва.

Нягледзячы на прыпыненне ўладамі дзеяння Дэкрэта № 3 на адзін год, у бліжэйшыя дні і тыдні ў Мінску ды іншых гарадах Беларусі адбудуцца запланаваныя раней акцыі пратэсту.

Адказам уладаў на вулічныя акцыі пратэстаў стала ўзмацненне рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў.

У першыню са жніўня 2015 года намі былі зафіксаваныя факты адвольных затрыманняў грамадзянскіх актывістаў і прадстаўнікоў апазіцыі ў мэтах недапушчэння іхняга ўдзелу ў акцыях пратэсту, вобшукі ў прыватных памяшканнях і офісах апазіцыйных сілаў і незалежных няўрадавых арганізацыяў. Адміністратыўным арыштам тэрмінам ад трох да пяці сутак за ўдзел у мірных акцыяй пратэсту былі падвергнутыя больш за 10 чалавек. Гэтая лічба рэпрэсаваных грамадзянскіх і палітычных актывістаў павялічваецца літаральна кожны дзень.

Асаблівую занепакоенасць у нас выклікае пераслед гомельскіх праваабаронцаў, сябраў Праваабарончага цэнтру “Вясна” Леаніда Судаленкі і Анатоля Паплаўнага, а таксама пагрозы, агучаныя супрацоўнікамі міліцыі ў бок сябра ПЦ “Вясна” з Брэста Уладзіміра Вялічкіна. ПЦ “Вясна” лічыць недапушчальным пераслед праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі мірнай дзейнасці па абароне правоў іншых асобаў, якая павінна гарантавацца дзяржавай у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праве і абавязках асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, зацверджанай рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеяй ААН ад 9 снежня 1998 года.

Праваабрончы цэнтр “Вясна” канстатуе пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і заклікае ўлады Беларусі:

  1. Для вырашэння спрэчных і канфліктных пытанняў пачаць перамовы з шырокай грамадзянскай супольнасцю;
  2. Не дапусціць масавых рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія адбудуцца ў бліжэйшы час у краіне;
  3. Неадкладна спыніць пераслед удзельнікаў мірных акцый пратэсту супраць Дэкрэта № 3 і забяспечыць грамадзянам краіны права на свабодны ўдзел у мірных сходах і выказванне свайго меркавання;
  4. Неадкладна вызваліць усіх грамадзян, арыштаваных за рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека;
  5. Спыніць іншыя формы ўціску прадстаўнікоў апазіцыйных партый, рухаў, грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў».


spring96.org