У Бабруйску сярод ночы міліцыя затрымала чатырох актывістаў

Апоўначы 11 сакавіка бабруйскія міліцыянты затрымалі кінарэжысёра Максіма Буйніцкага.

Максім Буйніцкі

Максім Буйніцкі


Пра гэта ён паспеў паведаміць у сваім фэйсбуку: «Затрымалі на вул. Лынькова. Вязуць у Першамайскі аддзел міліцыі».

Максім Буйніцкі ўдзельнічаў у мітынгу «недармаедаў» 26 лютага, перад тым перапошчваў афішы да мітынгу. Цераз гэта меркаваўся міліцыянтамі як адзін з арганізатараў, меў позву на 12 сакавіка, якраз на дзень наступнага мітынгу.
У РАУС Першамайскага раёна Бабруйска Свабодзе пацвердзілі, што Максім Буйніцкі знаходзіцца ў іх. Па словах дзяжурнага, ён быў затрыманы за дробнае хуліганства. Буйніцкага будуць судзіць за парушэнне артыкулу 17.1 КаАП. Гэта значыць, за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы, абразлівае прыставанне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак. Суд абудзецца пасля выходных.
Пазней з'явілася інфармацыя, што акрамя Буйніцкага ў Бабруйску ўначы былі затрыманыя прынамсі тры чалавекі: Аляксей Раманаў, Максім Лубінскі і Вольга Аўдзейчык.
Максім Лубінскі а трэцяй гадзіне начы датэлефанаваўся да актывісткі АГП Галіны Смірновай і паведаміў пра затрыманне яго і Вольгі Аўдзейчык. Аднак у Першамайскім РАУС пацвердзіць гэтыя затрыманні адмовіліся.
«Інфармацыя дадзеная разгалошванню не падлягае, з'яўляецца службовай», — сказалі ў РАУС.
Паводле «Радыё Свабода»